~~META: title = Максім Багдановіч — Пагоня &keywords = разбіць, пагоні, літоўскай, спыніць, стрымаць, бійце, коні, старадаўняй, сэрцы, лятуць &abstract = Чытаць верш Максіма Багдановіча "Пагоня" &iftrue = nan ~~ ====== Максім Багдановіч — Пагоня ====== Толькі ў сэрцы трывожным пачую\\ За краіну радзімую жах, –\\ Ўспомню Вострую Браму святую\\ I ваякаў па грозных канях.\\ \\ Ў белай пене праносяцца коні, —\\ Рвуцца, мкнуцца і цяжка хрыпяць...\\ Старадаўняй Літоўскай Пагоні\\ Не разбіць, не спыніць, не стрымаць.\\ \\ У бязмерную даль вы ляціце,\\ А за вамі, прад вамі – гады.\\ Вы за кім у пагоню спяшыце?\\ Дзе шляхі вашы йдуць і куды?\\ \\ Мо яны, Беларусь, панясліся\\ За тваімі дзяцьмі уздагон,\\ Што забылі цябе, адракліся,\\ Прадалі і аддалі ў палон?\\ \\ Бійце ў сэрцы іх – бійце мячамі,\\ Не давайце чужынцамі быць!\\ Хай пачуюць, як сэрца начамі\\ Аб радзімай старонцы баліць...\\ \\ Маці родная, Маці-Краіна!\\ Не усцішыцца гэтакі боль...\\ Ты прабач, Ты прымі свайго сына,\\ За Цябе яму ўмерці дазволь!..\\ \\ Ўсё лятуць і лятуць тыя коні,\\ Срэбнай збруяй далёка грымяць...\\ Старадаўняй Літоўскай Пагоні\\ Не разбіць, не спыніць, не стрымаць. \\ ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/уладзімір-жылка/уладзімір-жылка-покліч]] * [[творы/артур-вольскі/артур-вольскі-пагоня]] * [[творы/іван-пташнікаў/іван-пташнікаў-пагоня]] * [[творы/васіль-зуёнак/васіль-зуёнак-у-люстэрку-свіцязі]] * [[творы/алесь-бадак/алесь-бадак-пагоня]]