~~META: title = Максім Багдановіч — Мушка-зелянушка і Камарык-насаты тварык &keywords = краю, музыкі, багаты, камара, камарык, вяселле, сэрца, вочы, муха, мушачка, скоках, камарочак, камары, мушка, мураўёўна &abstract = Чытаць казку Максіма Багдановіча "Мушка-зелянушка і Камарык-насаты тварык" &iftrue = nan ~~ ====== Максім Багдановіч — Мушка-зелянушка і Камарык-насаты тварык ====== Блізка рэчкі Самацечкі камары таўкуцца,\\ I «таўкачыкі» спяваюць і ў скокі тнуцца:\\ «Гэй, гоп, таўкачыкі,\\ Гэй, гоп, асінавы,\\ Ды работы Максімавы…»\\ A Максім ляжыць на траўцы, сонна пазірае,\\ Камарок за камарочкам да яго шыбае,\\ I пясняр з усіх найлепшых ўжо звініць ля вуха,\\ Як камарыка няўмысне загубіла муха.\\ **І** Захісталася сасонка баравая,\\ Затужыла дзяўчынанька маладая,\\ Жартаўлівая пяюшка-сакатушка,\\ A па імені – мушка-зелянушка:\\ «Ой, чаму ж ды не судзілася мне долі,\\ Што мяне і не сваталі ніколі?\\ A пасагу прабагатага я маю:\\ Куст шыпшыны ад краю і да краю,\\ Шчэлка ў яблыні – пры ветры каб хавацца,\\ Лісць альховы – на ночку пакрывацца,\\ Ды да краю поўны мёдам кацялішча\\ 3 жалудзёвай вялізнай скарлупішчы.\\ Калі гэты мёд у місачку кладзецца,\\ Ажно сліна ў роце набярэцца».\\ Як пачуў тыя жаласці камарык –\\ Паскрабаў і насочак ён і тварык:\\ «А чаму бы мне ды з ёй не пажаніцца?\\ Пэўна, пойдзе, каб болей не журыцца.\\ Хоць насаценькі я, шэры, хударлявы,\\ Дык у скоках затое жа рухавы…»\\ I схапіўся камарочак прыбірацца,\\ Каб ля мушкі-пяюшкі увіхацца.\\ **ІІ** Прыляцела мушка дахаты, –\\ Аж у яе камарык насаты.\\ Сватоўя-хрушчы уссядаюць,\\ 3 бацькам-маткай штось размаўляюць:\\ «Мы – стральцы, шукаем куніцу,\\ Не куніцу, але дзявіцу».\\ Гаманілі болей гадзіны\\ Ды гавораць так да дзяўчыны:\\ «Ці да смаку госць наш багаты?»\\ «Запытайце ў мамы і таты».\\ Тут гарэлкай усё змацавалі,\\ A пасля і заручын даждалі.\\ Браў жаніх ад мушкі-дзяўчыны\\ Дарагі ручнік з павучыны,\\ Што яна на траўцы сцяліла\\ I на ясным сонцы бяліла.\\ У нядзелю будзе вяселле.\\ Захадзіў камар, як з пахмелля, –\\ I пяе, і скача паціху,\\ Ды як сыпне ураз «шырсцяніху»:\\ «Шырсцяніха, шырсцяніха мая.\\ Пакахала камара-гультая.\\ A камар не зважае на яе,\\ Толькі лётае ды песні пяе».\\ **ІІІ** Загудзела, расшумелася дубрава:\\ Аб вяселлі у дубраве стала слава.\\ Як вянок на муху свацейкі надзелі,\\ Ўсе навокала аж вочы праглядзелі.\\ A калі бацькам журылася дзяўчына,\\ Аж заплакала жаноцкая радзіна:\\ «Ускланяюся татачцы і матачцы,\\ Калі ўжо апрыкрыла ім ў хатачцы.\\ І чаму ж вы мяне гадавалі\\ Ды ў чужую сямейку аддалі?»\\ Ў каравайніцы вулітак запрасілі,\\ I яны дзяжу на продзіў замясілі.\\ Авадзень быў камаровым старшым дружкай\\ Й рассыпаўся дробным макам перад мушкай.\\ Матылі – баяры, пчолачкі – баяркі -\\ Спрытны, шпаркі, асабліва як да чаркі.\\ A найстарэйшая баярачка-чмяліха\\ Так спявала, аж баяр пабрала ліха:\\ \\ «Ой, багаты баяры, багаты,\\ Ды забыліся ўзяць грашаняты.\\ Хоць не шмат грашанят яны маюць,\\ Дык затое свой гонар трымаюць:\\ Хто капейку дае – грыўняй ліча яе,\\ A хто грыўню паклаў – што рубля дараваў».\\ A як сыпнулі-урэзалі музыкі,\\ Дык узняўся разам гоман там вялікі.\\ Чмель пузаты на басолі гучна грае,\\ A на йскрыпцы ёмка пчолка падсякае.\\ I знайшоўся мушанёнак нейкі малы,\\ Што званіў-такі не кепска у цымбалы.\\ Лоўка конікі у скоках выціналі,\\ У гару стрыбалі, звонка падпявалі:\\ «Камары скакаць\\ Выракаюцца:\\ Ногі лоўгія -\\ Паламаюцца».\\ Гэтак скачуць – хто патроху, хто памногу.\\ Нейкі конік адтаптаў чмялісе ногу.\\ Госці спорна п’юць-ядуць ды размаўляюць.\\ A музыкі граюць, дыхту заўдаваюць\\ Ўмела муха на вяселле запрашаці,\\ Ды над тое лепей ўмела частаваці,\\ Усяго стаяла досыць для гасціны:\\ Нават мёд быў і чмяліны і пчаліны.\\ Хрушч вялізны так гарэлкі насмактаўся,\\ Што зваліўся ды ў куточку высыпаўся.\\ Восы ў шатах чорных з жоўтымі стракамі\\ Проста елі мушку злоснымі вачамі.\\ A яна ля мужа скромненька сядзела\\ I зялёненькай спаднічкай зіхацела.\\ Мураўёўна нізка звесіла галоўку,\\ Бо занадта зацягнулася ў шнуроўку.\\ Ды як скрыкнула, як ахнула раптоўна:\\ Ў кроплі дожджыка танула мураўёўна.\\ Ўсё сцямнела, кроплі шпарка застукалі,\\ У дупло, дзе мушка жыла, пападалі.\\ Пахаваліся ўсе госці у куточкі:\\ Так спынілася вяселле сярод ночкі.\\ A назаўтра ўсе, як толькі ўсталі зрання,\\ Дык пайшлі да камара на баляванне.\\ I былі яшчэ нарэшце перазовы,\\ Каб не стала аб радзіне кепскай мовы.\\ **IV** Абляцелі кветачкі\\ Не ў пару.\\ Невясёла шэраму\\ Камару.\\ Як пачаў ён параю\\ 3 мушкай жыць\\ Давялося беднаму\\ Патужыць.\\ Не умее мушачка\\ Працаваць,\\ Толькі ўмее з хлопцамі\\ Жартаваць;\\ Ані выткаць кросенкі,\\ Ані шыць,\\ Ані стравы хораша\\ Наварыць.\\ Паштурхаў камарычак\\ Галаву:\\ «Як я з гэтай жонкаю\\ Пражыву?\\ Дзе я вочы, брацікі,\\ Меў свае,\\ Як сабе за жоначку\\ Браў яе?»\\ Паляцеў ён плакацца\\ У лясок,\\ Сеў на дуб зялёненькі\\ Пад лісток.\\ Пахіліў галовачку,\\ Уздыхнуў,\\ Песню сумна, жудасна\\ Зацягнуў: «Выйду ў поле ды разважу тое гора,\\ Гэй, гаротнае, маркотнае!\\ Ты шырока, маё полейка,\\ Ад кусточка да кусточка разлягаешся,\\ Ты глыбока, сэрца, краешся.\\ Дзе цяпер я смерць сваю спаткаю:\\ Ці у моры, ці у рэчцы, ці ў ставочку,\\ Што капытам пры дарозе быў прабіты\\ I да краю буйным дожджыкам наліты?»\\ **V** «Што за шум у бары учыніўся?»\\ «А камарык там з дуба зваліўся.»\\ Грымнуў ён на зямлю з высакосці\\ I пабіў-паламаў сабе косці.\\ Цеслі дошкі з дубоў пілавалі,\\ Габлявалі, труну змайстравалі,\\ Ўсю чырвонай кітайкай аббілі,\\ Йстужкай чорнай з краёў адтачылі.\\ Гэй, кладуць камара ў дамавіну,\\ Сазываюць сяброў і радзіну.\\ Камары над труной затрубілі\\ Светлячкі лепей зорак свяцілі.\\ «Вы паціху, музыкі, зайграйце,\\ Маё сэрца украй не ўражайце!»\\ Горка мушка-ўдава галасіла,\\ Скорай смерці у бога прасіла:\\ «Мой мужочак, а мой камарочак,\\ Ты падай мне з труны галасочак.\\ Ах, ніхто над табой не заплача,\\ Толькі хмарачка дробнымі дажджамі,\\ Толькі мушачка горкімі слязамі».\\ Палажылі дамоўку на мары,\\ Паняслі праз лугі ды папары.\\ Ля дарогі магілу капалі\\ I ў ёй камара пахавалі,\\ У сырую зямельку зарылі,\\ Зверху насып вялікі зрабілі.\\ Людзі добрыя шляхам мінаюць,\\ Шапкі нізка здымаюць, пытаюць:\\ «Не іначай вяльможны вандроўнік, –\\ Генерал, ці маёр, ці палкоўнік?»\\ «Не, ляжыць тут камар-камарочак,\\ У каторага з локаць насочак».\\ \\ 1915 ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/максім-багдановіч/творчасць-максіма-багдановіча]] * [[творы/максім-багдановіч/максім-багдановіч-вадзянік]] * [[творы/максім-багдановіч/патрыятычная-лірыка-максіма-багдановіча]] * [[творы/максім-багдановіч/максім-багдановіч-страцім-лебедзь]] * [[творы/максім-багдановіч/максім-багдановіч-маёвая-песня]]