~~META: title = Максім Багдановіч — Маёвая песня &keywords = песня, вецер, сонца, звонкі, ляцяць, звіняць, матылёк, зыкі, ліецца, свет, залатых, дрыжаць, белым, верша &abstract = Чытаць верш Максіма Багдановіча "Маёвая песня" (Па-над белым пухам вішняў...). Адказы на пытанні да верша &iftrue = nan ~~ ====== Максім Багдановіч — Маёвая песня ====== //Музыка перш за ўсё...\\ // //Поль Верлен// \\ Па-над белым пухам вішняў,\\ Быццам сіні аганёк,\\ Б'ецца, ўецца шпаркі, лёгкі\\ Сінякрылы матылёк.\\ \\ Навакол усё паветра\\ Ў струнах сонца залатых,\\ Ён дрыжачымі крыламі\\ Звоніць ледзьве чутна ў іх.\\ \\ I ліецца хваляй песня —\\ Ціхі, ясны гімн вясне.\\ Ці не сэрца напявае,\\ Навявае яго мне?\\ \\ Ці не вецер гэта звонкі\\ Ў тонкіх зёлках шапаціць?\\ Або мо сухі, высокі\\ Ля ракі чарот шуміць?\\ \\ Не паняць таго ніколі,\\ Не разведаць, не спазнаць:\\ Не даюць мне думаць зыкі,\\ Што ляцяць, дрыжаць, звіняць.\\ \\ Песня рвецца і ліецца\\ На раздольны, вольны свет.\\ Але хто яе пачуе?\\ Можа, толькі сам паэт. **Адказы на пытанні:** 1. У вершы "Маёвая песня" [[постаці/максім-багдановіч|Максім Багдановіч]] спрабуе аб’яднаць у адно цэлае музыку і лірыку, карціну і гук. Гэты верш нельга пераказаць, не разбурыўшы яго арганізацыю. У вершы ствараюцца зрокавыя і слыхавыя вобразы, якія паступова складаюцца ў адзіны цэласны вобраз – шматфарбны, шматгалосы свет, сагрэты сэрцам і пачуццямі паэта.\\ 2. "Шпаркі, лёгкі, сінякрылы матылёк" – прыгожы матылёк з сінім адценнем крылаў, адчуванне лёгкасці, гуллівасці; "струны сонца залатых" – промні сонца, адчуванне цяпла, паветра; "звонкі вецер" – шамаценне лістоў на дрэвах, "дрыжачымі крыламі" – вецер, як хвалямі пакрывае травы і прастору, "ціхі, ясны гімн", "тонкія зёлкі" – пах траў, кветак, поля, "раздольны, вольны свет"– пачуццё свабоды.\\ 3. Верш насычаны маляўнічымі выразамі. Яны ёсць фактычна ў кожнай страфе: "Па-над белым пухам вішняў", "I ліецца хваляй песня", "Ў струнах сонца залатых", "вецер гэта звонкі" і інш.\\ Пры чытанні верша адчуваецца шапаценне ветру, якое перадаецца праз [[слоўнік/гукапіс-літаратурны|гукапіс]]: "звонкі", "шапаціць", "шуміць", "сухі" ([[слоўнік/гукаперайманне|гукаперайманне]]).\\ 4. Меладычнасць некаторых радкоў верша дасягаецца пры дапамозе чаргавання галосных гукаў а, я, е.\\ 5. Верш-услаўленне вясны насычаны дзеясловамі. З усіх бакоў "ляцяць, дрыжаць, звіняць" зыкі вясны. Аўтар з дапамогай дзеясловаў імкнецца перадаць узрушанасць, тэмп, хуткасць змены малюнкаў, дынамізм. Дзеясловы ўжыты ў цяперашнім часе, гэта дапамагае адчуць, што дзеянне адбываецца зараз, з намі: "Не паняць таго ніколі, не разведаць, не спазнаць: не даюць мне думаць зыкі, што ляцяць, дрыжаць, звіняць."\\ 6. Песня "Па-над белым пухам…" у выкананні гурта "Песняры" гучыць пазітыўна, дорыць шмат добрых эмоцый, яна лірычная і адначасова вельмі яркая, сонечная, энергічная.\\ 7. Памер верша "Маёвая песня" – чатырохстопны [[слоўнік/харэй|харэй]].\\ 8. Прырода – невычэрпная крыніца паэзіі. Яе гармонія, малюнкі, фарбы, непаўторныя краявіды заўсёды хвалявалі не толькі пісьменнікаў, але і мастакоў, якія бачылі ў ёй надзвычайную гарманічнасць і хараство. Прырода дорыць нам незабыўныя хвіліны асалоды, супакойвае, натхняе, кожны раз выклікае захапленне ва ўсіх сваіх праявах. ===== Падобныя старонкі ===== * [[слоўнік/валачобныя-песні]] * [[слоўнік/вясельныя-песні]] * [[творы/ян-чачот/ян-чачот-песні-і-балады]] * [[слоўнік/восеньскія-песні]] * [[слоўнік/песня]]