~~META: title = Максім Багдановіч — Летапісец &keywords = Багдановіч, Летапісец &abstract = Чытаць верш "Летапісец" Максіма Багдановіча &iftrue = nan ~~ ====== Максім Багдановіч — Летапісец ====== Душой стаміўшыся ў жыццёвых цяжкіх бурах,\\ Свой век канчаю я у манастырскіх мурах\\ І пільна летапіс другі ўжо год пішу:\\ Старанна літары малыя вываджу\\ І спісваю ўсё ад слова і да слова\\ З даўнейшых граматак пра долю Магілёва.\\ І добрыя яго, і кепскія дзяла\\ Апавядаю тут. Так рупная пчала\\ Умее ў соты мёд сабраць і з горкіх кветак.\\ І бачанаму мной — я годны веры сведак.\\ Хай тые ведаюць, што з'явяцца па нас,\\ Ўсю праўду пра жыццё у наш і пройшлы час,\\ Пра войтаў, лаўнікаў, і райцаў і паспольства,\\ Пра розных каралёў, і бітвы, і пасольсва.\\ Што тут чынілася у даўнія гады,\\ Што думалі, чаго жадалі мы тады,\\ За што змагаліся, як баранілі веру, —\\ Хай зведаюць усе патомкі праз паперу!\\ Яно забудзецца, умрэ, з вадой сплыве, —\\ І вось у спомінах устане, ажыве,\\ Калі знайдуць маё няхітрае пісанне,\\ Пра гэтае жыццё, надзеі, справаванне.\\ Так мора — ў Гданску я чуваў — прымчыць вадой\\ Бутэльку к берагу, аблітую смалой,\\ Ўсю ў дробных ракаўках і ў ціне, Не замала\\ Яна была ў вадзе і шмат чаго спаткала.\\ Рыбалкі вылавяць бутэльку, разаб'юць,\\ I, як трапляецца, быць мо у ёй знайдуць\\ Ліста. За звычаю марскога гэтак весьці\\ Нам, утапаючы, шлюць людзі. У моры дзесьці\\ Загінулі яны, і, можа, соткі год\\ З тых часоў працяклі, і згінуў іх народ,\\ І ўсё змянілася, і ўжо пра іх забылі.\\ Вы, літары, цяпер нанова ўсё збудзілі!\\ І людзі зведаюць аб прадзедах сваіх\\ Аб горы, радасцях і аб прыгодах іх,\\ Каму маліліся, чаго яны шукалі,\\ Дзе на глыбокім дне іх крыюць мора хвалі. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/максім-багдановіч/творчасць-максіма-багдановіча]] * [[творы/максім-багдановіч/максім-багдановіч-страцім-лебедзь]] * [[творы/максім-багдановіч/патрыятычная-лірыка-максіма-багдановіча]] * [[творы/максім-багдановіч/максім-багдановіч-вадзянік]] * [[творы/максім-багдановіч/максім-багдановіч-маёвая-песня]]