~~META: title = Максім Багдановіч — Вераніка &keywords = верш, красы, смех, галубоў, дачка, больна, плечы, чысты, рваў, суседзяў, дахі &abstract = Чытаць вершаванае апавяданне Максіма Багдановіча "Вераніка" &iftrue = nan ~~ ====== Максім Багдановіч — Вераніка ====== //È un pеnsіеr dеl mіo cаpo.\\ // //Gіovаnnі// //Яна – выдумка маёй галавы.// //Джавані (італ.)// \\ Я на душы ўразлівай маю\\ Жыцця мінулага пячаць:\\ Схачу свой вольны верш пачаць, –\\ I ўраз пра прошлае згадаю;\\ Удаль вядуць мяне сляды\\ Да вас, дзіцячыя гады.\\ \\ Ўстае перад маім паглядам\\ I вулка, веючая сном,\\ I ціхі старасвецкі дом\\ З цяністым, адзічэлым садам;\\ Над ім шпакоўніца ў гары,\\ А ўкруг схіліўся тын стары.\\ \\ Дом гэты да паноў Забелаў,\\ Суседзяў нашых, наляжаў;\\ Я змалку там штодзень гуляў,\\ З дзяцьмі іх лез на дахі смела,\\ Рваў яблыкі, рабіў садом\\ I крыкам поўніў цэлы дом.\\ \\ Вясёла йшлі гулянкі нашы:\\ Пад шум і гук размах рукі\\ Збіваў здалёку гарадкі,\\ Быў чутны смех пры відзе "кашы",\\ I кожны стрымываў свой плач,\\ Калі ўразаўся ў плечы мяч.\\ \\ А вечарком мы выпускалі\\ Ў паветра белых галубоў.\\ Зрабіўшы некалькі кругоў,\\ У вышыню яны шыбалі,\\ Як чысты снег, кружылі там\\ I падалі на дахі к нам.\\ \\ Калі ж сачыўся бледнаваты\\ Зор сініх свет праз небасхіл,\\ I уплатаўся вулак пыл, –\\ Мы ўсе пяялі каля хаты,\\ I напаўняў нягучны хор\\ Маркотнай песняй сціхшы двор.\\ \\ Так у гулянках пралятала\\ маё дзіцячае жыццё,\\ А поруч ціхае дзіцё,\\ Дачка Забелаў, узрастала.\\ Яе я мала знаў: яна\\ Ўсягды была сама, адна.\\ \\ Жылося цяжка Вераніцы\\ (Хай так дзяўчыну будзем зваць):\\ Яе памерла рана маць,\\ I не было саўсім сястрыцы,\\ А бацька сэрца хоць і меў,\\ Ды прытуліць яе не ўмеў.\\ \\ Таму з маленства палюбіла\\ Хавацца ў сад стары яна,\\ Дзе веяла дыханне сна\\ I цішыня ў паветры плыла,\\ I нерухомы быў спакой,\\ Маўляў у глыбіні марской.\\ \\ Не калыхнуцца лісцяў хвалі,\\ Ўспляснуўшы пенаю цвятоў\\ Паверх чарэшнявых кустоў;\\ Кіпіць шум места дзесь там далі,\\ А тут і глуха і цямно, –\\ Не зварухне марское дно.\\ \\ I забывала Вераніка\\ Між зёлак з кніжкай аба ўсём,\\ А ўзгляне, – сад кіпіць жыццём:\\ Над ёю куст шыпшыны дзікай,\\ Бруяе блізка сонны шмель,\\ I горка пахне тонкі хмель.\\ \\ Iзноў страніца за страніцай\\ Раскрытай кнігі шалясціць;\\ Нячутна час кудысь бяжыць,\\ Раяцца думкі Веранікі, –\\ Усё расце душа яе\\ I ў паўнаце красы ўстае.\\ \\ Калі ж асеннія навіны\\ Змянялі сад, калі з бяроз\\ Рваў лісце вецер, а мароз,\\ Наліўшы ягады рабіны,\\ Траву губіў, і мы нагой\\ Узрывалі прэлых лісцяў слой,\\ \\ Калі патроху чырванелі\\ Чаромха, ліпа, стройны клён,\\ А гнёзды змрочныя варон\\ Між голага галля чарнелі,\\ I грозны вечара пажар\\ Пылаў між бура-шызых хмар;\\ \\ Калі асенні вецер дзіка\\ Стагнаў і глуха па начах\\ Грымеў у наш жалезны дах, –\\ Тады да лета Вераніка\\ Ад нас знікала ў інстытут\\ I не будзіла згадак тут.\\ \\ А час усё каціўся далі,\\ Хаваючы на дне гадоў\\ I гарадкі і галубоў;\\ Мы непрыкметна падрасталі,\\ А іншы ўжо шчыпаў вусы\\ I лічыў іх гарой красы.\\ \\ I толькі ўжо тады я ўгледзеў,\\ Што поруч, як цвяток лясны,\\ Узрасла ў красе сваёй вясны\\ Дачка самотная суседзяў.\\ I – помню я – тады за ўперш\\ З маёй душы паліўся верш.\\ \\ Ён там кіпеў струёй жывою,\\ Праз холад мыслі працякаў\\ I ў цвёрдых формах застываў,\\ Як воск гарачы пад вадою,\\ Каторым трэба вам гадаць,\\ Аб чым той вершык меў казаць.\\ \\ Я з вам скажу йшчэ тое толькі,\\ Што к Вераніцы твор паслаў\\ I млеў і ўсё адказ чакаў.\\ Аж вось прайшло маруды колькі\\ Трывожных дзён, а ўсё няма\\ Ні Веранікі, ні пісьма.\\ \\ Калі ж я неяк з ёй спаткаўся,\\ Загаварыўшы, як у сне, –\\ Яна зірнула на мяне,\\ I раптам з вуст яе сарваўся\\ Такі бязвінны, чысты смех,\\ Што на яго злавацца – грэх.\\ \\ Смех гэткі маюць толькі дзеці\\ Ды людзі з яснаю душой;\\ I ён, як жаваранак той,\\ Звінеў і ўжо кахання сеці\\ Нячутна нішчыў, як ураз\\ Сарваўся, дрогнуў і пагас.\\ \\ Накрыла ясны твар дзявочы\\ Задумы сумныя імгла,\\ На плечы ручка мне лягла,\\ Спагадліва зірнулі вочы\\ I даляцеў к маім вушам\\ Ласкавы шэпт: "Мо больна вам?"\\ \\ Не, зорка, мне было не больна,\\ Бо бачыла адно душа,\\ Як ты свяжа і хараша,\\ Як рада ты жыццю нявольна,\\ Уся пад срэбнаю расой\\ Са йстужкай скромнай між касой.\\ \\ I мела дзеўча выгляд маці,\\ Калі тады ка мне яна,\\ Трывожнай ласкаю паўна,\\ Схілілася, як да дзіцяці,\\ Зіяючы перада мной\\ У новай пекнасці жывой.\\ \\ У тэй, што з постаццю дзяўчыны\\ Злівала мацеры чарты.\\ О, як прыгожы-дзіўны ты,\\ Двайной красы аблік адзіны!\\ Ажыў у ім твой вечны цэль,\\ Мадонн тварыцель, Рафаэль!\\ \\ I прад высокаю красою,\\ Увесь зачараваны ёй,\\ Скланюся я душой маёй,\\ Натхненнай, радаснай такою,\\ А ў сэрцы хораша было,\\ Там запалілася цяпло.\\ \\ Дасюль яшчэ яно пылае;\\ Здаецца – ўмёрла, але ўраз\\ Праб’ецца зноў, і пройшлы час\\ Прад ім у згадках праступае,\\ Як пры агні ці цеплаце\\ Таемны подпіс у лісце.\\ \\ I конь крылаты да Парнаса\\ Мой дух імчыць тады, каб я\\ Былое апяваў пасля.\\ Ды як знайсці сляды Пягаса\\ На бруку места? Цяжка ўперш!\\ Спачынь жа трохі, верны верш! ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/максім-багдановіч/патрыятычная-лірыка-максіма-багдановіча]] * [[творы/максім-багдановіч/максім-багдановіч-страцім-лебедзь]] * [[ibdc.ped>валодзька]] * [[творы/максім-багдановіч/творчасць-максіма-багдановіча]] * [[творы/максім-багдановіч/максім-багдановіч-вадзянік]]