~~META: title = Лідзія Арабей — Прынцэса Нехачу &keywords = прынцэса, слугі, хачу, палац, замуж, нос, кароль, царэвіч, каралеваю, каціліся &abstract = Апавяданне Лідзіі Арабей "Прынцэса Нехачу" &iftrue = nan ~~ ====== Лідзія Арабей — Прынцэса Нехачу ====== Жыла-была на свеце прынцэса, і звалі яе Нехачу. Раніцою слугі будзяць яе ўставаць, а прынцэса крычыць:\\ – Не хачу!\\ Слугі да ложка бліжэй падступаюць, а яна каторага нагою з-пад коўдры – бэнц!\\ Тыя з другога боку заходзяць, а прынцэса ім кулаком у нос:\\ – Не хачу ўставаць!\\ І валяецца ў ложку, пакуль бакі не адлежыць ды есці не захоча. Нарэшце падымецца.\\ Слугі ёй тазік з вадою нясуць, кавалачак мыла пахучага, каб умылася пасля сну. А яна тое мыла ў тазік – боўць:\\ – Не хачу ўмывацца!\\ Паснедае прынцэса пірагамі ды кісялямі – за ўрокі пара брацца. Слугі ёй кніжкі, сшыткі нясуць. А яна зноў:\\ – Не хачу вучыцца!\\ І колькі ні просяць, колькі ні ўгаворваюць – і кароль з каралеваю, і слугі, – нават узяцца за кніжку не хоча. Так і расла прынцэса, адно любімае слова маючы:\\ – Не хачу!\\ Ішлі гады, прынцэса падрастала. Вось ужо і замуж ёй пара. Але хто возьме такую – нямытую ды невучоную?\\ А кароль і каралева самі рады ўжо былі б збыць прынцэсу са двара. Падгаварылі яны слуг, тыя схапілі прынцэсу, сілком памылі, прычасалі, у прыгожую сукенку прыбралі, на багатае крэсла пасадзілі.\\ І пачалі прынцэсе кавалераў зазываць.\\ Прыскакаў на кані каралевіч з Заходняга каралеўства. Прынцэса глянула на яго і скрывілася:\\ – Не хачу за яго замуж, у яго нос доўгі!\\ Пакрыўдзіўся каралевіч, паскакаў назад у сваё каралеўства.\\ Прымчаўся на аленях царэвіч з Паўночнага царства. Глянула на яго прынцэса і зморшчылася:\\ – Не хачу за яго замуж, у яго вочы касыя!\\ Пакрыўдзіўся царэвіч, памчаўся назад у сваё царства.\\ Прыехаў на вярблюдзе хан з Паўднёвага ханства. Глянула на яго прынцэса і нос закапыліла:\\ – Не хачу за яго замуж, у яго губы лупатыя!\\ Пакрыўдзіўся хан, паехаў назад у сваё ханства.\\ Хутка па свеце пагалоска пайшла, што прынцэса ўсіх кавалераў бракуе і перасталі ездзіць да яе ў сваты. А яна і сама ўжо сядзіць, чакае, можа, хто яшчэ прыедзе, але ніхто не паказваецца.\\ Раззлавалася прынцэса, скінула прыгожую сукенку, у якую слугі яе апранулі, не давала больш сябе ні ўмываць, ні прычэсваць, яшчэ з большаю злосцю крычала ўсім:\\ – Не хачу!\\ А гады каціліся, каціліся. Вось памерлі ўжо кароль з каралеваю. Слугі не хацелі больш служыць такой прынцэсе і паразбягаліся. Засталася яна адна ў вялізным палацы. Палац той за гады састарэў – столь пакрывілася, падлога паламалася, печы пахіліліся. І сама прынцэса састарэла – валасы пасівелі, твар зморшчыўся, спіна сагнулася. Ходзіць адна па цёмным палацы ў падранай адзежы, з кудлатымі сівымі валасамі, і толькі совы ды кажаны вакол яе лятаюць.\\ Усе людзі гаварыць пачалі, што ў палацы жыве злосная ведзьма.\\ А хто бачыў яе зблізку, ніколі не мог падумаць, што некалі гэтая ведзьма была прынцэсаю.\\ ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/лідзія-арабей/лідзія-арабей-мікіткаў-сон]] * [[творы/лідзія-арабей/лідзія-арабей-новы-сшытак]] * [[творы/лідзія-арабей/лідзія-арабей-прынцэса-такхачу]] * [[творы/лідзія-арабей/лідзія-арабей-маё-і-тваё]] * [[творы/лідзія-арабей/лідзія-арабей-мама]]