~~META: title = Лідзія Арабей — Мікіткаў сон &keywords = мікітка, кветачка, хлопчыкі, спаць, зямлі, жывая, вады, вада, двары, мама, дадому, аблівацца &abstract = Чытаць апавяданне Лідзіі Арабей "Мікіткаў сон" &iftrue = True ~~ ====== Лідзія Арабей — Мікіткаў сон ====== На вуліцы было надта горача. Мікітка скінуў і кашулю, і майку, і нават штонікі, застаўся ў адных трусіках і сандалях, але ўсё роўна не было рады ад гарачыні. Сонца пякло, апальваючы скуру, награваючы сцены дамоў, б’ючы ў шыбы і адсвечваючы ад іх новымі гарачымі промнямі. Было так млосна, што не хацелася гуляць ні ў якія гульні, і хлопчыкі ў двары сядзелі як асалавелыя.\\ I раптам Косцік, які заўсёды быў здатны на выдумкі, зірнуў на ўсіх павесялела і крыкнуў:\\ – Давайце аблівацца вадою!\\ З хлопчыкаў уміг зляцела млявасць, усе ажылі, ускочылі з лаўкі і пабеглі дахаты, па бутэлькі.\\ Бутэлькі гэтыя былі не шкляныя, а такія, што іх можна было сціскаць рукамі, як гумавыя. У іх налівалі ваду, у корках рабілі дзірачку – і бутэлька-палівачка гатова. Дзеці не раз забаўляліся такім абліваннем, і цяпер, у гарачыню, хіба можна было прыдумаць забаву весялейшую!\\ Скора хлопчыкі бегалі па двары з тымі бутэлькамі і аблівалі адзін аднаго. Халодная вада струменем біла ў разгарачанае цела і паўзла, казычучы бок, спіну, да самых трусікаў. I скора хлопчыкі былі мокрыя з ног да галавы.\\ Больш не было горача, халодная вада асвяжала, і хлопчыкі абліваліся б, мусіць, да вечара, каб кожнага з дому не паклікалі абедаць.\\ Прыбег дадому і Мікітка. Бабка аж рукамі пляснула, убачыўшы такога мокрага ўнука, пачала яго выціраць, потым пакарміла і загадала:\\ – Спаць! Пасля абеду – ціхі час!\\ Прывык Мікітка бабку слухацца. Спаць дык спаць. Лёг у свой ложак і ўміг заснуў.\\ I прыснілася яму, што бегаюць яны з хлопчыкамі па двары і вадою з бутэлек абліваюцца. I так ім весела, так хораша! I раптам – галасок, тоненькі, кволы. Не то скарга, не то песенька: Не магу я з дзеткамі забаўляцца\\ I вадой з бутэлечкі аблівацца.\\ Прырасла я ножкаю да зямлі,\\ Хоць бы ты, Мікітка, мяне паліў... \\ Азірнуўся Мікітка ў сне і бачыць – кветачка, што расла ў іх агародчыку пад акном, апусціла галоўку, абвяла лісточкамі, сагнулася сцяблінкаю ледзь не да зямлі і плача, але плача без слёз. На слёзы вада патрэбна, а кветачка ні кроплі вады не мае, усю высушыла пякучае сонца.\\ I цікава ў сне Мікітку: няўжо кветачка ўмее спяваць, гаварыць? Хіба яна жывая?\\ А калі прачнуўся, адразу ў двор і пад акно, туды, дзе і праўда расла кветачка. Глядзіць – ну і дзіва! Зусім як у сне – абвяла кветачка, галоўку апусціла, лісточкі вісяць, толькі нічога не гаворыць кветачка, не спявае сваёй песенькі, маўчыць. А Мікітка ж помніць тую песеньку слова ў слова: Не магу я з дзеткамі забаўляцца\\ I вадой з бутэлечкі аблівацца.\\ Прырасла я ножкаю да зямлі,\\ Хоць бы ты, Мікітка, мяне паліў... \\ Пабег Мікітка дадому, набраў поўную бутэльку вады і назад у двор. Нахіліўся да кветачкі і пачаў струменьчыкам ліць ваду пад яе ножку.\\ Кветачка прагна піла і ўсё ніяк не магла здаволіцца. Мікітка пабег дадому, каб набраць яшчэ вады.\\ Калі з бутэлькай вярнуўся назад, то ўбачыў цуд. Сцяблінка выпрасталася, лісточкі падняліся ўгору, а вясёленькая кветачка глядзела на Мікітку і ўсміхалася. Так, так, усміхалася!\\ А тут мама з работы ідзе, прысела каля Мікіткі паглядзець – на што ён дзівіцца. Мікітка ў яе і пытаецца:\\ – Мама, а хіба кветачка жывая?\\ – Канечне, жывая, – адказала мама. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/лідзія-арабей/лідзія-арабей-новы-сшытак]] * [[творы/лідзія-арабей/лідзія-арабей-мама]] * [[творы/лідзія-арабей/лідзія-арабей-маё-і-тваё]] * [[творы/лідзія-арабей/лідзія-арабей-зернетка-і-вецер]] * [[творы/лідзія-арабей/лідзія-арабей-добрая-фея]]