~~META: title = Лідзія Арабей — Добрая фея &keywords = хлопчык, двары, дзяўчынка, хлопчыкі, віця, валя, ногі, пад’езда, сядзеў, вочы, хворыя, хадзіць, ідзі &abstract = Чытаць апавяданне Лідзіі Арабей "Добрая фея" &iftrue = True ~~ ====== Лідзія Арабей — Добрая фея ====== Свяціла сонейка, зелянела трава, клёнікі толькі што павыкідалі свае клейкія лісточкі. I весела забаўляліся ў двары хлопчыкі. Яны бегалі навыперадкі, гулялі ў хованкі, гушкаліся на арэлях. З імі бегаў, залівіста гаўкаў руды віславухі сабачка, ён не баяўся, што яго пакрыўдзяць альбо прагоняць, бо ведаў – ён з гэтай самай кампаніі і дзеці яго любяць.\\ А яшчэ адзін хлопчык сядзеў у крэсле каля пад’езда і сумна пазіраў на дзяцей. Ён зайздросціў не толькі гэтым хлопчыкам, але і рудому сабачку, які так спрытна скакаў на сваіх кароценькіх лапках. Гэтаму хлопчыку таксама хацелася пабегаць, пагуляць са сваімі равеснікамі, але ён не мог бегаць, ён не мог нават хадзіць, бо ў яго былі хворыя ногі.\\ Маці раніцой выносіла на двор крэсла, потым выносіла на руках сына, і ён падоўгу сядзеў, пазіраючы на белыя воблакі, што плылі ў блакітным небе, глядзеў, як калыхаў вецер кляновыя лісточкі. А найбольш паглядаў на дзяцей, слухаў іх звонкія галасы.\\ Ён быў бы вельмі ўдзячны, калі б хто-небудзь падышоў да яго, пагаварыў з ім. Не могучы бегаць, гуляць у двары, хлопчык шмат чытаў і ведаў многа казак, розных цікавых гісторый, ён мог бы расказаць іх дзецям. Але тыя не падыходзілі да яго, рабілі выгляд, быццам яго наогул няма ў двары, каля пад’езда. I вочы ў хлопчыка былі заўсёды сумныя, а твар не ведаў усмешкі.\\ Аднойчы ў двары з’явілася дзяўчынка. У яе былі светлыя кучаравыя, як у анёла на паштоўцы, валасы, вялікія сінія вочы і тонкая шыйка. Хлопчыкі заўважылі яе, і яна ім спадабалася.\\ – Ідзі да нас гуляць! – паклікаў адзін.\\ – Мы прымаем і дзяўчынак, – сказаў другі.\\ Але дзяўчынка не пайшла да іх. Яна спынілася каля хлопчыка, які моўчкі сядзеў у крэсле.\\ – Як цябе зваць? – спытала яна.\\ – Віця, – адказаў хлопчык.\\ – А мяне Валя. Скажы, чаму ты не гуляеш з дзецьмі?\\ – У мяне ногі хворыя, я не ўмею хадзіць.\\ – А з кім ты сябруеш? – спытала дзяўчынка.\\ – Я ні з кім не сябрую, – апусціў вочы хлопчык. – Са мною ніхто не хоча сябраваць.\\ – Я буду з табою сябраваць.\\ – Праўда? – узрадаваўся Віця і радасна ўсміхнуўся.\\ Дзяўчынка таксама ўсміхнулася свайму новаму сябру і раптам сказала:\\ – Я думаю, не такія ўжо хворыя твае ногі, і калі ты вельмі захочаш, то зможаш пачаць хадзіць.\\ – Не, – уздыхнуў Віця. – Я спрабаваў... Не ўмею...\\ – А я табе дапамагу, – сказала Валя. – Дай руку!\\ Віця падаў руку дзяўчынцы, і здарыўся цуд. Хлопчык стаў на ногі! Ён стаяў не вельмі цвёрда, але стаяў!\\ – Вось бачыш, – сказала Валя, – ты ўжо ўмееш стаяць. А цяпер ідзі са мною... Ідзі!.. Не бойся!..\\ Хлопчык зрабіў адзін крок, другі.\\ Дзеці, якія гулялі ў двары, сабраліся каля пад’езда і глядзелі на ўсё гэта, як на дзіва. Нават руды сабачка прыбег з імі і таксама, быццам нешта разумеючы, з цікавасцю глядзеў на Віцю.\\ Адзін хлопчык кінуўся ў пад’езд, да Віцевай мамы.\\ – Цёця, цёця, – закрычаў ён. – Ваш Віцька ходзіць!\\ Віцева мама выбегла на двор і, не верачы сваім вачам, глядзела на сына, які, трымаючыся за Валіну руку, рабіў першыя нясмелыя крокі.\\ – Ты чараўніца? – пыталіся ў Валі хлопчыкі. – Ты – добрая фея?\\ – Не, – адказала Валя. – Я звычайная дзяўчынка.\\ Хлопчыкі не ведалі, што добрае слова, шчырае слова сапраўды можа зрабіць цуд. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/лідзія-арабей/лідзія-арабей-мікіткаў-сон]] * [[творы/лідзія-арабей/лідзія-арабей-мама]] * [[творы/лідзія-арабей/лідзія-арабей-маё-і-тваё]] * [[творы/лідзія-арабей/лідзія-арабей-зернетка-і-вецер]] * [[творы/лідзія-арабей/лідзія-арабей-новы-сшытак]]