~~META: title = Лукаш Калюга — Вясна &keywords = тодар, вінцэсь, вінцэся, вочы, бакі, сена, свет, пайшоў, думкі &abstract = Чытаць апавяданне Лукаша Калюгі "Вясна" &iftrue = True ~~ ====== Лукаш Калюга — Вясна ====== Як маленечкія люстэрачкі, мяняюцца ад прамення вясенняга сонца растрэсеныя па полі сняжынкі. Весела міргае шыр палявая, як вокам скінуць, ад вуглоў трох новых хат з прыбудоўкамі хлеўчукоў ды такоў, што, як дзіця старчыхі ў цёплай хаце, туляцца ля іх, да бярэзнічку шляхечага хутара. Заве шыр на свае загоны.\\ Як тычкі, тырчаць гэтыя тры хаткі ў чыстым полі. Не пяюць ім ціхіх калыханак кучарастыя дрэўцы, схіліўшы над іх стрэхамі свае зялёныя галовы ў шарую гадзіну. Толькі вецер-падвей высвіствае песні, снуючы каля іх вуглоў. Ні плоту, ні замёту ніхто не ставіць упоперак яго сцежак.\\ У аднэй хатцы сядзіць ля акна Тодар Сітнюк і ўглядаецца ў белую шыр, снуе думкамі па дзірванах сваіх палеткаў. Думка радасная, што самахцом цягнула яго сюды, у гэты пустыр, часамі з’явіцца цяпер, і тады пад павіслым вусам прабяжыць лагодная ўсмешка.\\ Роўным звагам гудзе каля другога акна жончын калаўрот, і з-пад яе пальцаў тоненькая, як валасок, нітка жвава бяжыць у вілачкі. *** * *** I пачалося яно з ціхіх гаспадарчых меркаванняу, з практычных разваг. Але тэмп яго штораз павялічваўся і штораз вышэй узнімаўся Алімпін, Тодаравай жонкі, звонкі голас.\\ I як толькі ўпраўляўся яе бабскі язык. Сакатала:\\ – Ужо каторы дзень, каторы тыдзень я дзяўбу гэтаму надаўбню, – дабірала яна больш ядранае, буйное слоўца, – пайдзі да Вінцэся, каб ты па свеце не хадзіў, – пазыч жыта. А ён і вухам не вядзе. Па сваіх камітэтах валочыцца.\\ – Ціха!.. ціха!.. – не то крычучы, не то просячы ратунку, пісклівым голасам наперабой жонцы залямантаваў Тодар. Яму гэтыя песні прыслухаліся за паўтары гады пасялкоўскага жыцця. I так яны вечна, дзе б ні быў, куды б ні пайшоў, як звон стаяць увушшу. Як бобам, сыпле імі Алімпа кожан дзень.\\ А яна раскудахкалася на ўсе застаўкі, як пусты млын. Жалілася на сваю горкую долю, на недахват куска хлеба, а да хлеба – і казаць няма чаго.\\ – Быў парабкам, і трэба было трымацца ў цёплым кутку чвырака, калі не выкідалі. Зазвоняць – бяры работу ў рукі. I ні табе клапот, ні думак. Воляю свет. Рукі ў кішэні – пасвіствай. А яму нядобра – трэба свой шнур мець, свае клопаты. Кажа, зямлю ўраджайнаю зробіць, будзе сітніцаю пазы затыкаць... Хвалько! Дурань!..\\ – Сціхні! – начальніцкім голасам загадвае Тодар і адначасна кулак спускае з-за пляча ла рог стала.\\ – А вось не сціхну! – зазначае Алімпа. – Вось, Тодарка! Хоць голы, ды востры. Але помні: не дагоніш яго, Вінцэся, у пяту пацалаваць. Ты – скула пад яго вокам, і яшчэ пакланіцца яму не хочаш. У яго дабра поўны засекі, а ў цябе зубы на паліцы ляжаць. *** * *** А тым часам неўзаметку падкралася гадзіна злосці, штораз мацней сціскала Тодарава ўстрывожанае сэрца.\\ Не змагла яна ўтрымацца ў вузкіх берагах сумлення і шырокаю паводкаю хлынула цераз іх, змываючы па дарозе ўсё. Была ў яго на той час адна думка, адна мэта – даць. I засланіла яна сабою ўсе астатнія думкі, імкненні, развагі. Рвануўся Тодар, акамянелы кулак разоў колькі заехаў у каршэль Алімпе.\\ Загаласілі на ўсю печ дзеці.\\ – Людцы, ратуйце! – енчыла Алімпа, буйныя слёзы цурком ліліся з вачэй.\\ Апамятаўся Тодар, апрануў кажух і ціханька выйшаў з хаты. Сам на сябе і на ўвесь свет злосны быў ён.\\ Сёння пабіўся. Жарты гэта? П’яны быў, век пражыў – не біўся. А цяперака давялося. Злаваць... Во гэта другая справа. Злаваць ён умее, ды яшчэ як умее, заесца да таго, што год гаварыць не будзе, нават вачэй на таго не падыме. Другі б за тую віну крыві нарабіў – сабакам не папіць, а ён на гэта не здолен. Ён ціхай і ўпартай натуры.\\ Яркі свет рассыпаных па полі зорак сляпіў Тодару вочы. Праціраючы іх кулаком, пайшоў ён у вёску.\\ Вясна ідзе. Гудзе і пераліваецца маленькая ручаінка, перабягаючы пад невялічкім мастком дарогу. Па сцежках чарнеюць лужы. Снег – слюза, якую рассоўвае ў бакі Тодар, ідучы сваёю дарогаю. Насунуўшы сваю аблавушку на самыя вочы, унурыўшыся, пёрся ён па напрамку на Вінцэсеў бярэзнік.\\ Сваё жыццё і ўдоўж і ўпоперак перадумаў.\\ «Добра таму, у каго работнікаў поўна хата. А ў мяне – дзятва ды мы ўдваіх, – снаваў свае думкі Тодар. – Рвеш свае вантробы, з скуры пнешся, а ўсё недахваткі. Хоць бы на сваё насенне ўзбіцца. Чужое зерне – воўк. Аддасі яго, а ў засеку адны пазадкі астаюцца. Канцы з канцамі не сходзяцца... Ну, але налета іначай будзе. Перакідаемся сяк-так гэты год. Вось крапівы прыжджом. А там і на цыбулі пер’е адскочыць, будзе боршч, халаднік. Перахарчуемся лета. А жонка хваліць долю парабацкую. Ну яе...»\\ Вясною рунее жытцо і ярына, зялёнымі хвалямі к зямлі хінецца. Улетку спелыя калоссі гнуць свае пажоўклыя галовы на твае грудзі, як пройдзеш мяжою, і шастаюць казку пра жыццё.\\ А каб да шчырай працы ды навуку дадаць, агранома часцей пазываць на парады... Тады з сітніцаю можна будзе не толькі мары злучыць, але і справу на грунт сапраўднасці перавесці.\\ I хлюпаюць па макраце яго боты. Пырскі ў бакі за гоні разлятаюцца. А ён задумённа звесіў галаву і не пашле ласкавага погляду на сонца, што радасна ўсміхаецца з сіняй высі. I не падыме вачэй на бярэзнік, дзе з-за яго гэтакая калатня ўзнялася. *** * *** У бярэзнічку за будынкамі, што, як стада авечак, рассыпаліся па шырокай сядзібе шляхціца Вінцэся, ішоў апарат поўным ходам. Франак, сын, толькі ўпраўляўся пляшкі падстаўляць. Як з кранта, дзюрчалі шалёныя кроплі, ды яшчэ якія! Ужо разоў колькі ўпэўніўся ў гэтым Франак. Не больш напарстка пацягне ён, як толькі нойдзе поўная пляшка, а за горла як агнём хопіць. Кварта першаку, ганарыста растапырыўшы свае бакі, стаяла каля самага апарата. I другі гатунак мала чаго адставаў.\\ Спакусліва моргае агеньчык пад трыножкаю.\\ А Тодар гэтак і прэцца сцежкаю каля гумён.\\ – Бачыць. Каб яму вочы на лоб павыперла, – ціхенька кажа Вінцэсь.\\ Залілі агонь і спаважна пайшлі адзін за другім да будынка, як бы нічога і не ведаюць і ні ў чым не грэшныя. Франак пайшоў у хату, а Вінцэсь астаўся каля сцежкі, каб стрэцца з Тодарам.\\ Марнуючы час, з мінаю добрага знаўцы абглядаў вуглы пузатага будынка, што больш за сто коп глытае восенню ў свае зявы; барабаніў шчыкалаткамі аб сцяну, як бы гэтакім манерам умеў знайсці нейкі таемны, а разам з тым і практычна неабходны сакрэт.\\ I толькі параўняўся Тодар, ён кінуў свой занятак і абярнуўся да яго тварам.\\ – Дзень добры! – прывітаўся Тодар.\\ – Пачакай! Куды спяшаеш? – спыніў яго Вінцэсь, каб слова-другое закінуць і дазнацца, ці бачыў той яго каля агоньчыку.\\ – Трэба ў вёску даведацца, – неахвотна здаволіў Тодар Вінцэсеву цікавасць.\\ – Вясна ідзе, – падтрымліваў гаворку Вінцэсь.\\ – Але. У нас і ў таку і ў хаце чуваць яна. Сена на рэзгіны адразу забярэш. У хляве авечкі бляюць, карова рыкае. На печы дзеці ў кулак трубяць, есці просяць...\\ – Яно-то гэтак, – не то ў бядзе параду даючы, не то холадна заўважаючы факт, пацвердзіў Вінцэсь. У яго дык сена да Міколы хваціць, а хлеб яшчэ й засекі Еселевага шпікнэру папоўніць. Толькі й клапот, што пра сягонняшнюю бяду ды пра абрэзкі, дзе тры скулы як з-пад зямлі выраслі і колюць яго зрэнкі.\\ – А можа б, пане-дзядзьку, які б пудок пазычылі? – на спробу закінуў слова Тодар і з пытлівым поглядам заўняўся на яго абліччы.\\ – Яно то можна было б, – па слову выціскаў Вінцэсь. Тут яму і бровар на памяць усплыў, непакой быў у гэтым пункце ў яго сумленні. Каб не гэтая бяда, ён бы іначай загаварыў!.. – Вось хіба, нябога, прыйдзі там па таей нядзелі. Тады па-суседску памяркуемся. Яшчэ з сваяўством як мае быць не разлічыўся. Анупрэй касіў, Дзянісіха жала. Трэба і іх не мінаць. Ат! Памяркуемся...\\ Гэтага толькі і чакаў Тодар.\\ Разышліся.\\ Смех бегаў па губах Вінцэся, расплываўся ў прыветную ўсмешку. Здаволены быў. Думкі ўзварушыліся, як сняжок пасля мяцеліцы.\\ «Лес не ровен, трава ўсякая, і чалавек – гэтае самае, – кажу я і ўсе разумныя людзі... – Падохнеш, галытра акаянная... I ангельцы, пранцузы, палякі не даюць храпунца. Яны на нас углядаюцца, ды яшчэ як...»\\ Здавалася Вінцэсю, што Польшча, Ангельшчына, Францыя, вытрашчыўшы вочы па яблыку, пільна ўзіраюцца ў Савецкую краіну і бачаць у ёй аднаго яго ды яшчэ, можа, Анісіма Стажэвіча. I цякуць, коцяцца на шырокае чэрава іх буржуйскія слёзы, бо бачаць, як абрэзка гняце Вінцэся Анбражыцкага і Анісіма Стажэвіча.\\ «Ой, пагоняць! Аж пыл закурыць», – цешыць сябе Вінцэсь і памаленьку, калышучыся, йдзе ў хату, каб загадаць сыну баржджэй брацца за спыненую справу. Хто ж яго ведае? Гатоў падкусіць. Можа, ён з тым толькі й пайшоў.\\ Па дарозе глянуў у ток. Рыжаю лысінаю свяцілася старана саломы. З другога боку зелянела сена, як бы толькі што прывезенае з лук.\\ Радасна стала.\\ Але следам за гэтым горкасць салоным квачам лезла ў душу: успомніў абрэзкі... *** * *** Пад вечар Вінцэсь выйшаў з рэзгінамі на гумно ўзяць сена з току каровам. Бачыць – ідзе па дарозе ля гумён нехта з мехам за плячыма.\\ Пазнаў Тодара.\\ – Адкуль гэта? – здалёк папытаўся Вінцэсь.\\ – З бядняцкага камітэта, – адказаў той і мінуў Вінцэся, не сказаўшы больш ні слова.\\ «Бачыш вужаку! Ужо ён і шапкі не мерыцца зняць! Ліха іх хай возьме! Сабака сабаку знюхае!» – праводзіў яго думкамі Вінцэсь.\\ Пазіраючы на бакі, Тодар мерае гаспадарскім вокам шырыню Вінцэсевага поля. Імчацца думкі стройнымі чародамі.\\ «Вось мы ўкаранімся тут, тады падзівіцца свет. З гэтым абшарам нам саўладаць – плёвая справа». ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/лукаш-калюга/творчасць-лукаша-калюгі]] * [[творы/лукаш-калюга/лукаш-калюга-баркаўцы-добрая-вёска-і-бар]] * [[творы/лукаш-калюга/лукаш-калюга-цеснаватая-куртачка]] * [[творы/лукаш-калюга/лукаш-калюга-нядоля-заблоцкіх]] * [[постаці/лукаш-калюга]]