~~META: title = Творчасць Леаніда Дайнекі &keywords = Дайнека, творчасць &abstract = Аналіз творчасці Леаніда Дайнекі &iftrue = nan ~~ ====== Творчасць Леаніда Дайнекі ====== Дзве музы моцна паланілі яго сэрца: першая — гэта паэзія, другая — гісторыя. Леанід Дайнека прыйшоў у літаратуру як паэт. Ён выдаў зборнікі вершаў «Галасы» (1969), «Бераг чакання» (1972), «Начныя тэлеграмы» (1974), «Мая вясна саракавая» (1979), «Вечнае імгненне» (1985). Выбраныя вершы і паэмы з гэтых пяці кніжак склалі аднатомнік «Сняжынкі пад агнём» (1989), які стаў своеасаблівым творчым падрахункам на яго паэтычнай дзялянцы. У першай палове 70-х Леанід Дайнека зрабіў сур'ёзную заяўку і ў жанры прозы. Неўзабаве выйшаў яго зборнік апавяданняў «Бацькава крыніца» (1976), а пазней пабачылі свет раманы «Людзі і маланкі» (1978), «Футбол на замініраваным полі» (1983). Аднак найбольшы літаратурны поспех выпаў яго гістарычным раманам [[творы/леанід-дайнека/леанід-дайнека-меч-князя-вячкі|«Меч князя Вячкі»]] (1987), [[творы/леанід-дайнека/леанід-дайнека-след-ваўкалака|«След ваўкалака»]] (1988) і [[творы/леанід-дайнека/леанід-дайнека-жалезныя-жалуды|«Жалезныя жалуды»]] (1990). За раман «Меч князя Вячкі» пісьменнік у 1987 г. атрымаў Літаратурную прэмію імя Мележа, а пазней, у 1990 г., гэты твор і раман «След ваўкалака» былі адзначаны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі. Напісаў Леанід Дайнека і раман у жанры фантастычнай прозы — «[[творы/леанід-дайнека/леанід-дайнека-чалавек-з-брыльянтавым-сэ|Чалавек з брыльянтавым сэрцам]]» (1992).\\ Паэтычны голас Леаніда Дайнекі пазначаны самабытнасцю індывідуальнага самавыяўлення і, як падаецца, яшчэ належным чынам не ацэнены крытыкай. Гэты мастак слова ўслед за [[постаці/уладзімір-караткевіч|Уладзімірам Караткевічам]] праз напластаванні часу праніку мінулае роднага краю, апаэтызаваў таямніцы, загадкі «слядоў даўно мінуўшых год», вычуў рэха мінулага ў камені і кургане, сваю крэўную роднасць з далёкімі продкамі, сцвердзіў, што «наша памяць жывая». У вершах «Прадзеды», «Камяні, камяні...», «Курганы», «Званы», што ўвайшлі ў першы зборнік «Галасы», якраз і чуецца водгук мінуўшчыны, выяўляецца гістарызм аўтарскага мыслення. Гэтая тэндэнцыя паэтызацыі і цікавасці да мінулага знайшла працяг у далейшых кнігах Леаніда Дайнекі. Зрэшты, у 60-70-я гг. гісторыя адгукнулася і ў вершаваных радках іншых паэтаў — Р. Семашкевіча, [[постаці/вольга-іпатава|Вольгі Іпатавай]], [[творы/ніна-мацяш/творчасць-ніны-мацяш|Ніны Мацяш]]... У той час, калі ў модзе былі гучныя грамадзянскія тэмы (дарэчы, даніну ім аддаў і Леанід Дайнека), вершы пра беларускую гісторыю выглядалі па-сапраўднаму неардынарнымі, нават смелымі. Многім гэта бачылася анахранізмам, адставаннем ад патрабаванняў часу. У раздумлівасці, з пранікнёнай адухоўленасцю і пашанай дакранаецца паэт да мінулага ў вершы «Навагрудак»: Гэты мох, нібы рэха трывог.\\ Уздыхае ён сумна і доўга.\\ Я прыйшоў к табе, замак Міндоўга,\\ У грымоты суровых дарог.\\ \\ Ні усмешак, ні плачу, ні слоў.\\ Толькі вецер над сценамі вые.\\ Сцены гэтыя — лёсы людскія.\\ Спрасаваныя прэсам вякоў.\\ Гісторыка-патрыятычны дух поўніць радкі паэмы [[творы/леанід-дайнека/леанід-дайнека-песня-белага-снегу|«Песня белага снегу»]], якая ўвайшла ў зборнік «Начныя тэлеграмы». Твор напісаны з эмацыянальнай страснасцю, пачуццём нацыянальнай годнасці і гонару за наша мінулае. Гэткі кірунак ва ўспрыманні і трактоўцы беларускай гісторыі ў 70-я гг бачыцца па-грамадзянску мужным, нават бунтоўным, па-мастацку наватарскім: Мы — не натоўп схіленых спін. Мужны народ герояў!\\ Біце ў званы, Тураў і Пінск, Слуцак, Бабруйск і Лоеў. \\ Мінулае ў паэме разгортваецца ў сваёй эпічна-драматычнай шырыні, тут паўстаюць вобразы нашых славутых продкаў, ажываюць старонкі гераічнага змагання за свабоду і чалавечую годнасць. Паэт турбуецца пра страчаную славу Беларусі, на высокай клічнай ноце сцвярджае, што родная зямля будзе жыць насуперак патаптанню і перанесеным пакутам: «...Але Каліноўскага голас чуцён, І гавару я: — Ты будзеш жыць!» З вышыні сённяшняга часу сёе-тое ў творы патрабуе ўдакладнення, аднак у цэлым ён напісаны ярка, пафасна, з выразнасцю і пачуццёвай глыбінёй сэнсавых акцэнтаў. Сэрца паэта поўніць вялікая любоў да Беларусі, і ён выказвае гэтую любоў з асаблівай пранікнёнасцю слова: «Радзіма! Не ў сіняе мора — мне ў сэрца цякуць Твой вольны Дняпро, і Шчара, і Друць. Мне звоняць травой твае паплавы, Заснуць не даюць твае журавы».\\ Паэтычны зборнік «Вечнае імгненне» Леанід Дайнека таксама пачаў з патрыятычнага сцвярджэння: «Мы — народ. Мы — народ. Мы — галоўная сіла» ([[творы/леанід-дайнека/леанід-дайнека-народ|верш «Народ»]]), Паэт усведамляе, як важна адчуваць сябе часцінкай вялікага цэлага і не адстаць ад народа. Паэт успрымае свой народ як нашчадкаў крывічоў і дрыгавічоў, са спрадвечнымі сялянскімі імёнамі, бачыць яго як дойліда і змагара, з мячом і плугам, ведае пра яго пакуты і радасць. Леанід Дайнека выяўляе глыбокую духоўна-генетычную повязь з мінулым: Дрыгавічы — лясныя людзі.\\ Сыны вады. Сыны зары.\\ Мы чуем вашы галасы,\\ Калі з гарачым свістам, гулам Віхор суровы гне лясы,\\ Калі ж метал зазвоніць строга,\\ Палезе звер у родны кут,\\ Мы вас паклічам на падмогу,\\ І вы адкажаце: «Мы тут!»\\ ([[творы/леанід-дайнека/леанід-дайнека-дрыгавічы|«Дрыгавічы»]])\\ У зборніку «Вечнае імгненне» прыкметна вылучаецца нізка вершаў «Постаці гісторыі айчыннай», у аснове якой ляжыць паэтызацыя вобразаў вядомых людзей беларускай мінуўшчыны, пра што самі за сябе гавораць назвы твораў: [[творы/леанід-дайнека/леанід-дайнека-вячка-1224-год|«Вячка. 1224 год»]], «Лышчынскі. 1689 год», «Вецер. 1744 год», «Грынявіцкі. 1881 год», «Чарвякоў. 1922 год». Зноў жа, з пазіцый сучаснасці, не ўсё ў некаторых з гэтых вершаў у светаасэнсавальным плане выглядае бездакорна, бо сёння ў новым святле адкрываюцца факты і старонкі мінулага. Звярнуўшыся да нашай гісторыі, Леанід Дайнека імкнуўся выявіць свабодалюбнасць і патрыятызм беларускай душы: Да вас іду, адважныя, палеглыя.\\ І разам з вамі за народ свой б'юся.\\ І праз усе нягоды і адлегласці\\ Нам свецяць вочы роднай Беларусі. \\ Тэма гісторыі сталася сэнсава значнай і магістральнай і на празаічнай ніве Леаніда Дайнекі. Сучасную гістарычную раманістыку ўжо немагчыма ўявіць без твораў гэтага пісьменніка. Поруч з творамі [[творы/уладзімір-караткевіч/творчасць-уладзіміра-караткевіча|Уладзіміра Караткевіча]], Вольгі Іпатавай, [[творы/уладзімір-арлоў|Уладзіміра Арлова]] яго раманы вельмі істотна пашыраюць дыяпазон мастацкага адлюстравання і асэнсавання мінулага, узбагачаюць нас светапоглядна і духоўна, робяць гістарычны мацярык па-сапраўднаму цікавым і прывабным.\\ Раманы «Меч князя Вячкі», «След ваўкалака» і «Жалезныя жалуды» складаюць гістарычную [[слоўнік/трылогія|трылогію]], у якой намаляваны асобы і падзеі нашага старажытнага мінулага.\\ Леанід Дайнека ствараў свае гістарычныя раманы з думкай пра адраджэнне ў нашай душы і свядомасці гістарычнай памяці. Ён пайшоў шляхам вывучэння і мастацкага асэнсавання мінулага, каб паказаць нам, сваім сучаснікам, найперш юным грамадзянам Беларусі, што мы з'яўляемся тым народам, які мае цікавае і самабытнае мінулае. Пісьменнік прызнаецца, што гэты шлях пазнання старажытнай гісторыі досыць нялёгкі, атулены смугою сівых вякоў: «Цяжка плыць па рацэ, імя якой — Гісторыя. Асабліва цяжка дабірацца да вытокаў, да тых мясцін, дзе ракі, па сутнасці, няма, ёсць тоненькія ручайкі, вадзяныя ніткі, з якіх праз колькі дзесяткаў кіламетраў спляцецца, сатчэцца шырокі абрус ракі». Можна па-добраму пазайздросціць усім тым, хто сёння бярэ ў рукі кнігі Леаніда Дайнекі, бо ранейшыя пакаленні не мелі такой выдатнай магчымасці праз мастацкую прозу адкрываць беларускае і славянскае мінулае. Крыніца: Бельскі Алесь. Краса і смутак: Дапаможнік для настаўнікаў. – Мінск: Мастацкая літаратура, 2000. – 237 с. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/міхась-кавыль/жыццёвы-і-творчы-шлях-міхася-кавыля]] * [[творы/яўгенія-янішчыц/творчасць-яўгеніі-янішчыц]] * [[творы/янка-золак/творчасць-янкі-золака]] * [[творы/аляксей-пысін/творчасць-аляксея-пысіна]] * [[творы/анатоль-вялюгін/творчасць-анатоля-вялюгіна]]