~~META: title = Леанід Дайнека — Народ &keywords = Дайнека, народ &abstract = Чытаць верш Леаніда Дайнекі "Народ" &iftrue = nan ~~ ====== Леанід Дайнека — Народ ====== Проста ў космас імчым\\ Ці праполваем градкі,\\ На футболе крычым\\ Для нервовай разрадкі,\\ Ладзім новы завод,\\ Каб там сталь забурліла.\\ Мы — народ. Мы — народ.\\ Мы — галоўная сіла.\\ Косім луг па расе.\\ Крочым штольняю цеснай.\\ Помнім, хоць і не ўсе,\\ Сваіх прадзедаў песні.\\ Плачам, сціснуўшы рот,\\ Ля бацькоўскіх магілаў.\\ Мы — народ. Мы — народ.\\ Мы — галоўная сіла.\\ Мы — граніт і метал.\\ Мы — пяшчота і ласка.\\ Мы — разгневаны шквал.\\ Мы — дзіцячая казка.\\ Мы — алмазная грань.\\ Зорных дзён узыходы.\\ Не зблудзі. Не адстань.\\ Стань часцінкай народа. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/васіль-зуёнак/васіль-зуёнак-будучыня]] * [[творы/якуб-колас/служэнне-народу-асноўны-абавязак-мастака]] * [[творы/якуб-колас/якуб-колас-народ-у-трылогіі-на-ростанях-]] * [[ibdc.ped>душа-народа]] * [[творы/юрась-свірка/юрась-свірка-верны-крэўнаму-брацтву]]