Леанід Дайнека — Вітаю працай кожны дзень

Вітаю працай кожны дзень
І адчуваю, што з гадамі
Мне хочацца любіць людзей
Усё мацней, усё адданей.

Удалеч шлях жыцця вядзе.
Бялеюць дні. Чарнеюць ночы.
Мне хочацца любіць людзей,
Тых, што са мною побач крочаць.

З адных крыніц я п’ю ваду,
Адно заўжды мне свеціць неба.
З людзьмі жыву, з людзьмі іду,
І лепшай радасці не трэба.

Усе яны – мая радня.
І з імі помню я заўсёды:
Народ мой вечны, як зямля,
Я – зерне у глыбіні народа.

Падобныя старонкі