~~META: title = Леанід Дайнека — Вячка. 1224 год &keywords = Дайнека, Вячка &abstract = Чытаць верш Леаніда Дайнекі "Вячка. 1224 год" &iftrue = nan ~~ ====== Леанід Дайнека — Вячка. 1224 год ====== Дзядзінец дагарае.\\ Прабіў сцяну таран.\\ Князь Вячка памірае\\ Ад ран.\\ \\ Смяюцца мечаносцы:\\ —Здыхай, славянскі пёс!\\ Не ўбачыш болей ноч ты\\ І дзень у ззянні рос.\\ \\ Глядзі: агонь віхурыць...\\ Смыліць, пячэ —няўсцерп!\\ Мы знішчым горад Юр'еў,\\ Збудуем горад Дэрпт.\\ \\ Мы пройдзем лесам, полем,\\ Смерць несучы і боль.\\ Мы спалім горад Полацк.\\ На попел кінем соль.\\ \\ Ты бой прайграў. На трупах\\ Сваіх людзей ляжыш.\\ Пад неба сіні купал.\\ Плыве тэўтонскі крыж.\\ \\ Ні ліваў і ні селаў*****\\ Не ўбачыш больш сляпы.\\ Ты жыта ў полі сеяў.\\ Мы сеем чарапы.\\ \\ Дзядзінец дагарае.\\ Скрышыў сцяну таран.\\ Князь Вячка памірае\\ Ад ран.\\ \\ Пральецца хмара-плачка\\ Слязінкай дажджавой.\\ Але не плача Вячка,\\ Смяецца мужны вой:\\ \\ "Сын Полацка не стане\\ Аб літасці прасіць.\\ Умеюць палачане\\ Заморскіх птушак біць.\\ \\ З-за мора, совы-госці,\\ Вы прыляцелі ўсе.\\ Іў мора вашы косці\\ Паводка панясе.\\ \\ Прыблудам-ліхадзеям\\ Славян не зацугляць.\\ Мы будзем жыта сеяць,\\ Спяваць, жанчын кахаць.\\ \\ Ваш меч не пацалую.\\ Цалую васілёк..."\\ Пацалаваўшы кветку,\\ На попел Вячка лёг.\\ \\ Сканаў. I ў тыя ж хвілі,\\ Трывогі вестуны,\\ На Полацкай Сафіі\\ Ускрыкнулі званы.\\ \\ ...За векам век згарае.\\ Зірні ў начны блакіт —\\ Вунь маладзік над гаем,\\ Як князя Вячкі шчыт.\\ *****Лівы, селы —прыбалтыйскія плямёны, якія ў пачатку XIII стагоддзя сумесна з Полацкім княствам змагаліся супроць агрэсіі рыцараў-мечаносцаў. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/леанід-дайнека/творчасць-леаніда-дайнекі]] * [[творы/леанід-дайнека/леанід-дайнека-меч-князя-вячкі]] * [[творы/леанід-дайнека/леанід-дайнека-дрыгавічы]] * [[творы/леанід-дайнека/леанід-дайнека-жалезныя-жалуды]] * [[творы/леанід-дайнека/леанід-дайнека-след-ваўкалака]]