Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:леанід-галубовіч:творчасць-леаніда-галубовіча

Гэта старая версія дакумента!


Творчасць Леаніда Галубовіча

Леанід Галубовіч нарадзіўся 12 жніўня 1950 г. у вёсцы Вароніна Клецкага раёна. Доўгі час ён працаваў электрыкам, трапіў у вір будзённасці і прыземленай прозы жыцця. Актыўна пачаў выступаць у друку з вершамі на пачатку 80-х гг. Яго ўваходзіны ў паэзію вітала літаратурная крытыка і чытачы. Закончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве (1989), працаваў рэдактарам на Беларускім тэлебачанні, у рэдакцыі часопіса «Крыніца», у штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва». Галоўнае — Леанід Галубовіч стаў паэтам і асобай.
Ён сцвердзіў сябе ў сучаснай беларускай паэзіі проста імгненна, упэўнена і ярка. Падалося нават, што ў гэтага паэта не было перыяду вучнёўства, бо многія яго вершы сведчылі пра сталасць і непаўторнасць таленту. У першым зборніку Леаніда Галубовіча «Таемнасць агню» (1984) многіх чытачоў прывабіў творчы маніфест аўтара:

Ты — боль, паэзія. Ты — быль.
Твае адвечныя законы
Не для забаў, не для гульбы —
А пошук ісціны да скону.
("Паэзія")


Напачатку Леанід Галубовіч выявіў сябе як традыцыйны аўтар: у паэтызацыі вёскі, роднай прыроды, у звароце да вобразаў старых людзей… Трэба зазначыць, што ў рэчышчы традыцыйнай тэматыкі ён раскрыўся як сапраўдны мастак слова, здольны выказвацца вобразна і афарыстычна, з эмацыянальнай скандэнсаванасцю пачуцця: «…І боль за пабітае жыта // Падкажа, што ты — чалавек» («Навальніца»); «Хлеб трэба сеяць, мужыкі, // Без хлеба — дрэнь палітыка» («Палітыка») і інш. Усё гэта і дало падставу вядомаму пісьменніку Рыгору Барадуліну залічыць Леаніда Галубовіча да «тых паэтаў, якія здолелі наліць у старыя мяхі маладое віно».
Наступная вершаваная кніга «Споведзь бяссоннай душы» (1989) мае падзагаловак «Лірычны дзённік». Паэт запрашае «на — душы з душою — спатканне», шырока разгортвае перад чытачом летапіс свайго ўнутранага жыцця. Кніга багатая на моцныя эмацыянальныя ўражанні, удумлівыя назіранні, паглыбленыя медытатыўныя развагі. Пафас лірыкі Леаніда Галубовіча спавядальны, даверлівы, змяшчае ў сабе адметную энергетыку аўтарскага лірызму. У «Споведзі бяссоннай душы» пашырыліся жанрава-стылёвыя і рытміка-інтанацыйныя абсягі паэтычнага выяўлення. Прачулая настраёвасць, філасафізм, музычны стыль пісьма прывабліваюць у «Дарожнай элегіі»:

Дзве зоркі за прагалам вершаліны,
Як начнікі з далёкага акна,
Душу мне супакояць на хвіліну,
Ды шляху не асветліць ні адна.

Кладзецца ён пад ногі асцярожна,
Нібы жыцця заблытаная ніць.
І ціхі сум элегіі дарожнай
Звініць і плача.
Плача і звініць…


Зборнік «Заложнік цемры» (1994) засведчыў пра змену настраёвай дамінанты ў светаўспрыманні паэта. Яго думкі і пачуцці прыкметна ўскладніліся, набылі драматычнае і элегічнае гучанне. Характар большасці твораў вызначае лірыка-філасофская заглыбленасць думкі-пачуцця, напружаная роздумнасць слова. Змест вершаванай творчасці Леанід Галубовіча шмат дзе сакралізаваўся, займеў, інакш кажучы, рэлігійна-медытатыунае пераламленне думкі, а гэта сведчыць, што паэт імкнецца да духоўна-маральнага самааналізу і спасціжэння сапраўднага, вышэйшага сэнсу быцця. У адным з вершаў ён прызнаецца:

…Находзіць ноч,

і ўсё жыве ў сабе…

Тлумачу я нутро сваё сам-насам
І ў нетры апускаюся глыбей
Прыроды чалавечай

з вечным часам.

. . . . . . . . . . . . . . .
…Там — зло і тло,

там — соль ад слёз Шэкспіра…

Там воч не ўзняць

з-пад горычных павек,

Там — новых: слоў

пакутна прагне Ліра,

Каб ноч сышла…

(«…Находзіць ноч, і ўсё жыве ў сабе…»)


У 2000 г. пабачыў свет зборнік паэта «Апошнія вершы Леаніда Галубовіча» (выйшаў у Полацку). Тут сабраны вершы разнастайнай тэматыкі і рытміка-інтанацыйных формаў, ёсць адмыслова графічна аформленыя творы «Даведка пра Купалу’, «Зімовым днём…», »…ложак рассцелены — белым белы…« і інш.). Думка паэта мае лірыка-філасофскую скіраванасць:

Як сонца ўзыдзе, то будзе відаць —
Каму каласіцца, каму паміраць…
Хоць, кажучы шчыра, яно ўсё адно,
Бо толькі да вечара й будзе відно…
(«Я сонца баюся…»)


У літаратурным асяродку Леанід Галубовіч неяк прызнаўся, што больш вершаў пісаць не будзе. Адсюль, мусіць, і назва зборніка — «Апошнія вершы…». На шчасце, вершы пішуцца — і паэт зноў выносіць іх на суд сваіх чытачоў. Зрэшты, слова «апошнія» ўспрымаецца і інакш: апошнія — значыць новыя, апошнія па часе. Кніга паэта напісана жывымі фарбамі душы, у ёй рытмы і настроі прадыктаваны перажытым болем, сумнымі згадкамі, складаным роздумам пра штодзённае і вечнае. Лірычны маналог аўтара характарызуе самарэфлексія ці паглыблены псіхааналіз, пазначаны ўнутраным драматызмам светаадчування. З шчырасцю і даверлівасцю да чытача напісаны інтымныя вершы «Самота ў гасцях», «Цнота», «Сон» і інш.).

Леанід Галубовіч у сваёй паэтычнай творчасці досыць аўтабіяграфічны. У той жа час наша ўяўленне пра яго як паэта і чалавека асабліва значна ўзбагачае кніга «Зацемкі зь левай кішэні» (1998). Зацемкі — гэта мініяцюры, у якіх Леанід Галубовіч спавядаецца і разважае, асэнсоўвае сябе ўчарашняга і сённяшняга, рэагуе на сучасную рэчаіснасць і паўсядзённае жыццё. Асабліва шматлікія ў кнізе старонкі, прысвечаныя развагам пра паэзію і літаратуру. Многія з зацемак раскрываюць творчую лабараторыю паэта, выяўляюць яго светапогляд, эстэтычны густ, прыхільнасці. Ён адкрывае нам тое, што зрабілася яго глыбокім перакананнем або, наадварот, выклікае сумнеў, расчараванне. Нават лаканічнай фразай-штрышком пісьменнік здольны выклікаць уяўленне ці роздум пра стан усёй сучаснай паэзіі: «Колькі вершаў! А паэзія — сірата…». Галоўнае, што прываблівае ў большасці запісаў пра паэзію і літаратуру, дык гэта глыбокая ўсвядомленасць выказанага, ёмістасць і афарыстычнасць мыслення: «Паэзія — гэта калі забываешся… Проза — калі ўспамінаешся…»; «Літаратура — гэта тлумачальны слоўнік жыцьця бяспамятнага чалавецтва. Галубовічавы «Зацемкі…» у пераважнай большасці лірыка-рэфлексійныя, інтэлектуальныя і сюжэтныя мініяцюры. І нам вельмі важны і каштоўны гэты суб’ектыўны аўтарскі погляд на свет, яго шчыры жыццяпіс душы, уласны асэнсавальны досвед.
Леанід Галубовіч прыкметна выявіў сябе і як літаратурны крытык, звярнуўшыся да разгляду творчасці многіх аўтараў: Рыгора Барадуліна, Міхася Стральцова, Вячаслава Адамчыка, Міколы Купрэева, Вінцэся Мудрова, Віктара Шніпа, Анатоля Шушко, Юры Гуменюка і інш. Ён добра ведае цану сапраўднай мастацкасці, самабытнаму і наватарскаму слову. Леанід Галубовіч выказвае ўласныя, часам палемічныя, погляды і меркаванні, якія тычацца літаратурнага працэсу і творчасці асобных пісьменнікаў.
«Творчасць — гэта жыццё…» — зазначае Леанід Галубовіч у адной сваёй зацемцы. «Споведзь бяссоннай душы» пісьменніка працягваецца. Жыццё ў слове і літаратуры — гэта яго лёс.

Крыніца: Бельскі А. І. Класікі і сучаснікі ў школе: Дапам. для настаўнікаў. – Мн., 2005.

Падобныя старонкі

  • анатоль-вялюгін/творчасць-анатоля-вялюгіна
  • міхась-кавыль/жыццёвы-і-творчы-шлях-міхася-кавыля
  • аляксей-пысін/творчасць-аляксея-пысіна
  • янка-золак/творчасць-янкі-золака
  • яўгенія-янішчыц/творчасць-яўгеніі-янішчыц
творы/леанід-галубовіч/творчасць-леаніда-галубовіча.1755861098.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/22 11:11 — 127.0.0.1

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki