~~META: title = Творчасць Леаніда Галубовіча &keywords = творчасць, Леанід, Галубовіч &abstract = Аналіз творчасці Леаніда Галубовіча &iftrue = nan ~~ ====== Творчасць Леаніда Галубовіча ====== Леанід Галубовіч нарадзіўся 12 жніўня 1950 г. у вёсцы Вароніна Клецкага раёна. Доўгі час ён працаваў электрыкам, трапіў у вір будзённасці і прыземленай прозы жыцця. Актыўна пачаў выступаць у друку з вершамі на пачатку 80-х гг. Яго ўваходзіны ў паэзію вітала літаратурная крытыка і чытачы. Закончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве (1989), працаваў рэдактарам на Беларускім тэлебачанні, у рэдакцыі часопіса "Крыніца", у штотыднёвіку "Літаратура і мастацтва". Галоўнае — Леанід Галубовіч стаў паэтам і асобай.\\ Ён сцвердзіў сябе ў сучаснай беларускай паэзіі проста імгненна, упэўнена і ярка. Падалося нават, што ў гэтага паэта не было перыяду вучнёўства, бо многія яго вершы сведчылі пра сталасць і непаўторнасць таленту. У першым зборніку Леаніда Галубовіча "Таемнасць агню" (1984) многіх чытачоў прывабіў творчы маніфест аўтара: Ты — боль, паэзія. Ты — быль.\\ Твае адвечныя законы\\ Не для забаў, не для гульбы —\\ А пошук ісціны да скону.\\ ([[творы/леанід-галубовіч/леанід-галубовіч-верш-паэзія|"Паэзія"]]) \\ Напачатку Леанід Галубовіч выявіў сябе як традыцыйны аўтар: у паэтызацыі вёскі, роднай прыроды, у звароце да вобразаў старых людзей... Трэба зазначыць, што ў рэчышчы традыцыйнай тэматыкі ён раскрыўся як сапраўдны мастак слова, здольны выказвацца вобразна і афарыстычна, з эмацыянальнай скандэнсаванасцю пачуцця: "...І боль за пабітае жыта %%//%% Падкажа, што ты — чалавек" ("Навальніца"); "Хлеб трэба сеяць, мужыкі, %%//%% Без хлеба — дрэнь палітыка" ("Палітыка") і інш. Усё гэта і дало падставу вядомаму пісьменніку [[постаці/рыгор-барадулін|Рыгору Барадуліну]] залічыць Леаніда Галубовіча да "тых паэтаў, якія здолелі наліць у старыя мяхі маладое віно".\\ Наступная вершаваная кніга "Споведзь бяссоннай душы" (1989) мае падзагаловак "Лірычны дзённік". Паэт запрашае "на — душы з душою — спатканне", шырока разгортвае перад чытачом летапіс свайго ўнутранага жыцця. Кніга багатая на моцныя эмацыянальныя ўражанні, удумлівыя назіранні, паглыбленыя медытатыўныя развагі. Пафас лірыкі Леаніда Галубовіча спавядальны, даверлівы, змяшчае ў сабе адметную энергетыку аўтарскага лірызму. У "Споведзі бяссоннай душы" пашырыліся жанрава-стылёвыя і рытміка-інтанацыйныя абсягі паэтычнага выяўлення. Прачулая настраёвасць, філасафізм, музычны стыль пісьма прывабліваюць у "Дарожнай элегіі": Дзве зоркі за прагалам вершаліны,\\ Як начнікі з далёкага акна,\\ Душу мне супакояць на хвіліну,\\ Ды шляху не асветліць ні адна.\\ \\ Кладзецца ён пад ногі асцярожна,\\ Нібы жыцця заблытаная ніць.\\ І ціхі сум элегіі дарожнай\\ Звініць і плача.\\ Плача і звініць... \\ Зборнік "Заложнік цемры" (1994) засведчыў пра змену настраёвай дамінанты ў светаўспрыманні паэта. Яго думкі і пачуцці прыкметна ўскладніліся, набылі драматычнае і элегічнае гучанне. Характар большасці твораў вызначае лірыка-філасофская заглыбленасць думкі-пачуцця, напружаная роздумнасць слова. Змест вершаванай творчасці Леанід Галубовіча шмат дзе сакралізаваўся, займеў, інакш кажучы, рэлігійна-медытатыунае пераламленне думкі, а гэта сведчыць, што паэт імкнецца да духоўна-маральнага самааналізу і спасціжэння сапраўднага, вышэйшага сэнсу быцця. У адным з вершаў ён прызнаецца: ...Находзіць ноч, і ўсё жыве ў сабе... Тлумачу я нутро сваё сам-насам\\ І ў нетры апускаюся глыбей\\ Прыроды чалавечай з вечным часам. . . . . . . . . . . . . . . .\\ ...Там — зло і тло, там — соль ад слёз Шэкспіра... Там воч не ўзняць з-пад горычных павек, Там — новых: слоў пакутна прагне Ліра, Каб ноч сышла... ("...Находзіць ноч, і ўсё жыве ў сабе...") \\ У 2000 г. пабачыў свет зборнік паэта "Апошнія вершы Леаніда Галубовіча" (выйшаў у Полацку). Тут сабраны вершы разнастайнай тэматыкі і рытміка-інтанацыйных формаў, ёсць адмыслова графічна аформленыя творы "Даведка пра Купалу’, "Зімовым днём...", "...ложак рассцелены — белым белы..." і інш.). Думка паэта мае лірыка-філасофскую скіраванасць: Як сонца ўзыдзе, то будзе відаць —\\ Каму каласіцца, каму паміраць...\\ Хоць, кажучы шчыра, яно ўсё адно,\\ Бо толькі да вечара й будзе відно...\\ ("Я сонца баюся...") \\ У літаратурным асяродку Леанід Галубовіч неяк прызнаўся, што больш вершаў пісаць не будзе. Адсюль, мусіць, і назва зборніка — "Апошнія вершы...". На шчасце, вершы пішуцца — і паэт зноў выносіць іх на суд сваіх чытачоў. Зрэшты, слова "апошнія" ўспрымаецца і інакш: апошнія — значыць новыя, апошнія па часе. Кніга паэта напісана жывымі фарбамі душы, у ёй рытмы і настроі прадыктаваны перажытым болем, сумнымі згадкамі, складаным роздумам пра штодзённае і вечнае. Лірычны маналог аўтара характарызуе самарэфлексія ці паглыблены псіхааналіз, пазначаны ўнутраным драматызмам светаадчування. З шчырасцю і даверлівасцю да чытача напісаны інтымныя вершы "Самота ў гасцях", "Цнота", "Сон" і інш.). Леанід Галубовіч у сваёй паэтычнай творчасці досыць аўтабіяграфічны. У той жа час наша ўяўленне пра яго як паэта і чалавека асабліва значна ўзбагачае кніга "Зацемкі зь левай кішэні" (1998). Зацемкі — гэта мініяцюры, у якіх Леанід Галубовіч спавядаецца і разважае, асэнсоўвае сябе ўчарашняга і сённяшняга, рэагуе на сучасную рэчаіснасць і паўсядзённае жыццё. Асабліва шматлікія ў кнізе старонкі, прысвечаныя развагам пра паэзію і літаратуру. Многія з зацемак раскрываюць творчую лабараторыю паэта, выяўляюць яго светапогляд, эстэтычны густ, прыхільнасці. Ён адкрывае нам тое, што зрабілася яго глыбокім перакананнем або, наадварот, выклікае сумнеў, расчараванне. Нават лаканічнай фразай-штрышком пісьменнік здольны выклікаць уяўленне ці роздум пра стан усёй сучаснай паэзіі: "Колькі вершаў! А паэзія — сірата...". Галоўнае, што прываблівае ў большасці запісаў пра паэзію і літаратуру, дык гэта глыбокая ўсвядомленасць выказанага, ёмістасць і афарыстычнасць мыслення: "Паэзія — гэта калі забываешся... Проза — калі ўспамінаешся..."; "Літаратура — гэта тлумачальны слоўнік жыцьця бяспамятнага чалавецтва. Галубовічавы "Зацемкі..." у пераважнай большасці лірыка-рэфлексійныя, інтэлектуальныя і сюжэтныя мініяцюры. І нам вельмі важны і каштоўны гэты суб’ектыўны аўтарскі погляд на свет, яго шчыры жыццяпіс душы, уласны асэнсавальны досвед.\\ Леанід Галубовіч прыкметна выявіў сябе і як літаратурны крытык, звярнуўшыся да разгляду творчасці многіх аўтараў: [[творы/рыгор-барадулін/творчасць-рыгора-барадуліна|Рыгора Барадуліна]], [[творы/міхась-стральцоў/творчасць-міхася-стральцова|Міхася Стральцова]], [[творы/вячаслаў-адамчык/творчасць-вячаслава-адамчыка|Вячаслава Адамчыка]], Міколы Купрэева, Вінцэся Мудрова, Віктара Шніпа, Анатоля Шушко, Юры Гуменюка і інш. Ён добра ведае цану сапраўднай мастацкасці, самабытнаму і наватарскаму слову. Леанід Галубовіч выказвае ўласныя, часам палемічныя, погляды і меркаванні, якія тычацца літаратурнага працэсу і творчасці асобных пісьменнікаў.\\ "Творчасць — гэта жыццё..." — зазначае Леанід Галубовіч у адной сваёй зацемцы. "Споведзь бяссоннай душы" пісьменніка працягваецца. Жыццё ў слове і літаратуры — гэта яго лёс. Крыніца: Бельскі А. І. Класікі і сучаснікі ў школе: Дапам. для настаўнікаў. – Мн., 2005. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/анатоль-вялюгін/творчасць-анатоля-вялюгіна]] * [[творы/міхась-кавыль/жыццёвы-і-творчы-шлях-міхася-кавыля]] * [[творы/аляксей-пысін/творчасць-аляксея-пысіна]] * [[творы/янка-золак/творчасць-янкі-золака]] * [[творы/яўгенія-янішчыц/творчасць-яўгеніі-янішчыц]]