~~META: title = Леанід Галубовіч — Свой белы верш пра чорную бяду... &keywords = мудрасці, прыхільнікаў, жывем, пішу &abstract = Чытаць верш Леаніда Галубовіча "Свой белы верш пра чорную бяду..." &iftrue = nan ~~ ====== Леанід Галубовіч — Свой белы верш пра чорную бяду... ====== Свой белы верш пра чорную бяду\\ Пішу не для прыхільнікаў паэзіі –\\ Пішу я для прыхільнікаў жыцця\\ I ў тых імя, што так жыццё любілі.\\ \\ Як быў далёка горад той ад нас,\\ Ад нашых вёсак, гарадоў і хатаў,\\ Што нават і не ведалі, што ёсць\\ Ён на Палессі з назваю Чарнобыль.\\ \\ I раптам – блізкім стаў ён, як сусед –\\ Пенсіянер, што не залечыць раны.\\ Так блізкі, як суніцы ад рукі\\ У нашым лесе, як вада са студні...\\ \\ Як светлая дзяўчына, у якой\\ У клініцы прызналі лейкемію.\\ А ёй – семнаццаць. У двары – вясна.\\ I пад акном насвіствае пагодак...\\ \\ Што розум наш без мудрасці?! Заўжды\\ Ён небяспечны для ўсяго жывога.\\ Рука тварца без мудрасці – карае.\\ I ў гэтым вінен не адзін тварэц,\\ А ўсе мы, як падсобнікі задумы.\\ \\ ...Не з раніцы да вечара жывём.\\ Жывём ад чалавека к чалавеку.\\ Дай Бог дажыць нам ад сябе да ўсіх!\\ Дай Бог ва ўсіх пазнаць Сябе самога! \\ \\ Крыніца: Прайсці праз зону. Кн. 2. Проза, паэзія, публіцыстыка / Уклад. І. Бутовіч; Маст. В. Шкаруба. Мн.: Маст. літ., 2001. – 558 с. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/артур-вольскі/артур-вольскі-боль-чарнобыля]] * [[творы/пімен-панчанка/пімен-панчанка-аб-самым-смачным]] * [[творы/іншае/сучасная-літаратура-беларусі/тэма-чарнобыля-ў-беларускай-паэзіі]] * [[творы/мікола-мятліцкі/мікола-мятліцкі-санеты-чарнобыля]] * [[творы/алесь-пісьмянкоў/алесь-пісьмянкоў-1986]]