~~META: title = Ларыса Геніюш — Скарына &keywords = навук, доктар, навукі, скарына, мове, словы, загад &abstract = Верш Ларысы Геніюш "Скарына" &iftrue = nan ~~ ====== Ларыса Геніюш — Скарына ====== Над Падуяй неба такое наўкруг,\\ як сны мастакоў Адраджэння.\\ Падуя – горад вялікіх навук,\\ славутых надзей і імкненняў.\\ \\ Заціхлі званы, адбылася імша,\\ зноў спевы гучаць на лаціне.\\ Дыплом уручаюць: ён сын Лукаша,\\ палачанін, Францішак Скарына...\\ \\ Даўно ўжо пакінуў свой меч і свой лук,\\ і Полацк, лясамі акружаны,\\ выйшаў насустрач свабодных навук,\\ па-свойму сільны і мужны.\\ \\ Ўжо доктар навукі пад сілу яму.\\ З Падуі слаўнай, з чужыны,\\ вязе Беларусі, народу свайму\\ жыццё сваё, знанні і імя.\\ \\ Не князь і не шляхціц, без дворні і слуг,\\ праз пушчы, мядзведжыя тропы\\ вяртаецца доктар медычных навук,\\ першы доктар на ўсходзе Еўропы.\\ \\ Гандлюе, квітнее наш Край малады,\\ багаты і хлебам, і рыбай:\\ будуюцца замкі, ўстаюць гарады,\\ вырастаюць у пушчах сялібы.\\ \\ Толькі навукі – паны над зямлёй,\\ мовяць мовамі розных чужынаў.\\ І першую кнігу на мове сваёй\\ друкуе нашчадкам Скарына.\\ \\ І годнае слова гучыць сярод цьмы\\ чужынскай, як праўда трывожная:\\ «Не, не для долі жывёльнае мы,\\ а к доблесці, к праўдзе народжаны».\\ \\ Простым людзям ён піша, субраццям сваім\\ дарагія, разумныя словы.\\ Апавяшчае ўрачыста усім:\\ «Бог пусціў мяне ў свет з гэтай мовай».\\ \\ Можа, словы былі, як загад,\\ гэту мову пакутныя ўнукі\\ захавалі пад стрэхамі хат\\ для святла, для дабра, для навукі.\\ \\ Мудрасць здолее ў цемры свяціць.\\ Загад продкаў у сэрцы не згіне!\\ Будзем думаць, вучыцца, тварыць\\ так, як ты,\\ ў сваёй мове,\\ Скарына.\\ \\ 1965 ===== Падобныя старонкі ===== * [[ibdc.ped>мастацкая-скарыніяна]] * [[ibdc.ped>спадчына-скарыны]] * [[ibdc.ped>эпоха-францыска-скарыны]] * [[творы/іншае/францыск-скарына-з-прадмовы-да-кнігі-юдз]] * [[ibdc.ped>францыск-скарына]]