~~META: title = Ларыса Геніюш — Мы – народ &keywords = праўда, народ, душа, душы &abstract = Чытаць верш Ларысы Геніюш "Мы – народ" &iftrue = nan ~~ ====== Ларыса Геніюш — Мы – народ ====== Агонь душы не паканаюць сцюжы.\\ Марозамі агню не пагасіць.\\ З цярпенняў – веліч, як на цернях – ружы...\\ I з болю родзіцца дзіця, каб жыць.\\ \\ Адважна лёсу камяні ўспрымаю.\\ Баліць душа, але ў душы спакой.\\ Пячэ душа агнём, але стрываю,\\ не перашкодзяць раны выйсці ў бой.\\ \\ Не быць начы! Няма жыцця без сонца,\\ яно узыдзе, азарыць акно.\\ Мана хлуслівых страціць абаронцаў\\ і волавам апусціцца на дно.\\ \\ А праўда – то не кліч, штыком падпёрты,\\ прыгодны злыдням для нячыстых спраў.\\ А праўда – з лёсаў, з душ, з народных нетраў,\\ з цярпення, што народ ператрываў.\\ \\ Ліхой хлусні бяссільны крык варожы.\\ Да дзён прыгону страшны паварот.\\ А праўда ўсё ж жыве і пераможа!\\ Мы вам не слугаў племя – мы народ! ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/юрась-свірка/юрась-свірка-верны-крэўнаму-брацтву]] * [[творы/якуб-колас/служэнне-народу-асноўны-абавязак-мастака]] * [[ibdc.ped>душа-народа]] * [[творы/васіль-зуёнак/васіль-зуёнак-будучыня]] * [[творы/якуб-колас/якуб-колас-народ-у-трылогіі-на-ростанях-]]