Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:ларыса-геніюш:ларыса-геніюш-лес

Гэта старая версія дакумента!


Ларыса Геніюш — Лес

Не было журботна ў лесе:
Кожны жыў там, як хацеў,
Ад птушыных, весніх песень
Лес на ўсе лады звінеў.
Пахаджалі там лісічкі,
Бегаў зайчык невялічкі,
Праляталі там арлы
Ды праходзілі зубры.
Хораша было усім –
І дарослым, і малым.
Раптам з поўначы, здалёк.
Там з’явіўся страшны воўк
І сказаў:
– Цяпер, звяры,
Я начальнік у бары.
Будзь тут кожны паслухмяны!
Каб не беглі на паляны
Быстраногія казулі!
Каб мядзведзі карак гнулі!
Каб не швэндаліся зайцы –
Галадранцы, пабягайцы!
Зубр жа, хоча ці не хоча,
Хай, як я, раве па-воўчы!


Не жывуць звяры – бядуюць,
Свайго голасу не чуюць.
Пушча днём раве і ўночы
Адной нотаю – па-воўчы.
Хто ж уздумае іначай –
Болей сонца не пабачыць.

Бег па сцежачцы Алесік…
Не чуваць птушыных песень.
Сціхлі дрэвы і кусты.
Лес без птушак, лес пусты.
Лес стары зусім замоўк,
Толькі ходзіць шэры воўк,
Злосна ляскае зубамі
Ды ўсё сварыцца з зубрамі:
– Што за нораў недарэчны –
Не грызуць слабых авечак,
Толькі лісцейка скубуць,
Па-зубрынаму равуць.

Воўк завыў на цэлы лес:
– Бачыце, ідзе Алесь!
І ён будзе мне служыць!
Так, як я, па-воўчы выць!

Тут Алесь схапіў дубіну,
У ваўка з размаху кінуў,
Закрычаў:
– Зубры-сябры!
Ўсіх склікайце, хто ў бары!
Зубы вострыя і рогі –
На ваўка! –
Воўк – у ногі,
Ды зубры яго схапілі
І на рогі падчапілі.

Зноў спакой настаў у лесе.
Салаўі пяюць Алесю.
Скачуць весела вавёркі.
Пакаціўся вожык з горкі.
На паляне песні, гулі.
Скачуць спрытныя казулі.
Прыляцелі жураўлі.
Птушкі селяцца ў галлі.
Весялей плыве рака.
як даў воўча драпака.
Зноў пяе вясёла лес.
Не нацешыцца Алесь.

Падобныя старонкі

  • рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-вартавы-цішыні
  • максім-гарэцкі/максім-гарэцкі-у-панскім-лесе
  • рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-сон-у-лесе
  • у-лесе
  • якуб-колас/казкі-жыцця/якуб-колас-стары-лес
творы/ларыса-геніюш/ларыса-геніюш-лес.1755861677.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/22 11:21 — 127.0.0.1

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki