~~META: title = Ларыса Геніюш — Крывёй напоўніліся поймы рэк... &keywords = Геніюш, поймы, рэкі &abstract = Чытаць верш Ларысы Геніюш "Крывёй напоўніліся поймы рэк..." &iftrue = nan ~~ ====== Ларыса Геніюш — Крывёй напоўніліся поймы рэк... ====== Крывёй напоўніліся поймы рэк,\\ бурліць адчаем слёз людскіх разводздзе.\\ Гляджу на свет. Я – лагернік, я – зэк,\\ засуджаны на мукаў чвэрцьстагодздзя.\\ \\ Мяне драты, сабакі сцерагуць,\\ дзікіх надзораў зграя нада мною,\\ і лоб штодня мой на прыцэл бяруць\\ навучаныя забіваць канвоі.\\ \\ Мне ўсё ўзялі, разбурылі сям’ю,\\ кіркой прабілі лёс мой чалавечы,\\ ланцуг накінулі на шыю салаўю\\ і між сабою падзялілі рэчы.\\ \\ Натоўп дзяўчат, жанчын, яшчэ жывых,\\ йдзем зледзянелай тундры каляінай,\\ папраз снягі, мароз сцінае дых,\\ мароз шукае песні салаўінай.\\ \\ Канвой яе шукае і надзор,\\ я йду пургой, завеяная снегам,\\ гляджу ваўком ўсёй дзікасці ў дакор,\\ не, маю душу прашманаць ім нельга!\\ \\ На вуснах песня, мой апошні дых,\\ цяплом з-пад сэрца словы саграваю,\\ жывая я яшчэ сярод жывых,\\ ў душы маёй і Беларусь жывая! ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/ларыса-геніюш/ларыса-геніюш-зіма-мароз-кусаецца]] * [[творы/ларыса-геніюш/ларыса-геніюш-вясковы-дом]] * [[творы/ларыса-геніюш/ларыса-геніюш-аблокі]] * [[творы/ларыса-геніюш/ларыса-геніюш-зіма]] * [[творы/ларыса-геніюш/творчасць-ларысы-геніюш]]