Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:ларыса-геніюш:ларыса-геніюш-краю-мой

Гэта старая версія дакумента!


Ларыса Геніюш — Краю мой

Краю мой родны, краю мой мілы,
цудны, узорны, ад ніў залаты,
хто цябе ўквеціў пушыстай калінай,
краскамі, лесам засеяў густым?

Пушчы, палеткі, лугі, сенажаці,
быстрыя рэкі, прасторы азёр –
нехта рассыпаў вялікім багаццем
вечныя скарбы ў цудоўны узор.

Калі табе золатам сонца разлітым
магутныя грудзі асыпле кругом,
а неба атуліць туманам-блакітам,
як быццам бы анял празорым крылом,

і вецер бяроз тваіх косы даўгія
расчэша, рассыпле па белых камлёх,
а грушы-красуні страсе снегавыя,
цвет белы пасее на зелень палёў,

а буйныя травы нагне, то падыме,
зазвоніць аб лісці задуманых дрэў,
акордамі ўдарыць, як май, маладымі,
пад Нёмна вясною бурлівы напеў, –

дык радасцю, шчасцем душа замірае,
і хочацца сэрцам, рукамі абняць
свой край наймілейшы, аквечаны маем,
дзе краскі, дзе Нёмана хвалі звіняць.

Сніцца ты будзеш, ўсё клікаць з чужыны,
маніць ў свае сёлы, да хаты старой,
пахучым палеткам буйной канюшыны,
дзявочаю песняй, спавітай тугой.

Чало плуг жыцця, можа, ў барозны зрэжа,
мо голаву іней пакрые гадоў, –
у сэрцы ж не звянуць зялёныя межы,
туга не аслабне да родных кутоў.

1941 г.


Крыніца: Бацька наш Нёман: Вершы, апавяданні, нарысы, эсэ: Для ст. шк. узросту / Уклад. Я. І. Хвалей. – Мн.: Юнацтва, 2001, – 510 с.

Падобныя старонкі

творы/ларыса-геніюш/ларыса-геніюш-краю-мой.1755963795.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/23 15:43 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki