Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:ларыса-геніюш:ларыса-геніюш-князь-усяслаў-чарадзей

Гэта старая версія дакумента!


Ларыса Геніюш — Князь Усяслаў Чарадзей

Серп-месяц на небе між хмараў брыдзе,
срэдзь семені зор адзінокі;
вось, быццам гуляе шчупак па вадзе,
ныраючы ў хвалях глыбокіх.

Арол, гэтак ўзбіўшысь пад воблакаў сінь,
магутны сваёй адзінотай,
аб шэрай нізіне забудзе зусім,
паднебным упіўшыся лётам.

У кіеўскім замку Ўсяслаў Чарадзей
змагаецца з духам бурлівым,
і ўздох гладзінёю калыша грудзей,
бы вецер даспелаю нівай.

Ён думаў не можа цяжкіх ўгаманіць,
тугі сваёй ўцешыць да краю;
і гордае князева сэрца баліць,
ды сон ад вачэй адлятае.

З вязніцы сумнай на княжы пасад
яго увесь Кіеў паклікаў –
ён ўсё ж з панавання ні з волі не рад –
не хоча той чэсці вялікай.

Мілейшыя сэрцу парогі сваі,
пасад свой і тыя дружыны,
з якімі хадзіў у цяжкія баі,
баронячы межаў Айчыны.

Мілейшы той Полацкі край дарагі
і пушчы з пахучай жывіцай…
Нядаўна Нямігі ціхой берагі
крывёю зліліся крывіцкай.

Там мужных ваяраў ляжаць чалясы –
хто ж гоіць крывіцкія раны
тады, калі князь, першы Полацка сын,
чужацкія носіць кайданы?

І хоць над Нямігу склака груганоў
не раз ўжо зляталася ў госці –
ўсё ж князева сэрца начамі дамоў
ўсё клічуць байцоў сваіх косці.

Ўжо цемень радзее, ўжо зоры ўцяклі
і знік бляды месяц за імі –
князь ўсё яшчэ чуе зямлі сваёй кліч
ды з думамі б’ецца цяжкімі.

Ён чуе, як рвецца Дзвіна ў берагох,
бароў сваіх гоман адвечны,
ён чуе, як ў полацкіх гордых мурох
шуміць ўсхваляванае веча.

Цвіце ужо неба, як тыя ляны,
і дзень ўжо над Кіевам сіні –
князь слухае сэрцам – б’юць, звоняць званы
у полацкай роднай святыні.

Нядарам казалі, што князь – чарадзей…
Хто ж, духам прабіўшы прасторы,
у Кіеве чуў бы, як звон свой гудзе,
хто б знаў, што ён сэрцу гавора?

Вялікае сэрца мець трэба ў грудзёх
і духа магутныя чары,
каб чуць, як у полацкіх гордых мурох
у звон святой Зофіі ўдараць.

Агнём палымяным трэ край свой кахаць,
трэ вырасці з ніваў, загонаў,
каб славу, багацце – ўсё кінуць, аддаць
за кліч свайго роднага звона…

1941

Падобныя старонкі

  • усяслаў-чарадзей
  • ларыса-геніюш/ларыса-геніюш-аблокі
  • вацлаў-ластоўскі/вацлаў-ластоўскі-усяслаў
  • эдуард-валасевіч/эдуард-валасевіч-дняпроўскі-чарадзей
  • ларыса-геніюш/творчасць-ларысы-геніюш
творы/ларыса-геніюш/ларыса-геніюш-князь-усяслаў-чарадзей.1755861677.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/22 11:21 — 127.0.0.1

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki