~~META: title = Ларыса Геніюш — Князь Усяслаў Чарадзей &keywords = князь, духам, край, сэрца, звон, неба, чарадзей, князева, пасад, сэрцу, кліч, полацкіх, мурох &abstract = Верш Ларысы Геніюш "Князь Усяслаў Чарадзей" &iftrue = nan ~~ ====== Ларыса Геніюш — Князь Усяслаў Чарадзей ====== Серп-месяц на небе між хмараў брыдзе,\\ срэдзь семені зор адзінокі;\\ вось, быццам гуляе шчупак па вадзе,\\ ныраючы ў хвалях глыбокіх.\\ \\ Арол, гэтак ўзбіўшысь пад воблакаў сінь,\\ магутны сваёй адзінотай,\\ аб шэрай нізіне забудзе зусім,\\ паднебным упіўшыся лётам.\\ \\ У кіеўскім замку Ўсяслаў Чарадзей\\ змагаецца з духам бурлівым,\\ і ўздох гладзінёю калыша грудзей,\\ бы вецер даспелаю нівай.\\ \\ Ён думаў не можа цяжкіх ўгаманіць,\\ тугі сваёй ўцешыць да краю;\\ і гордае князева сэрца баліць,\\ ды сон ад вачэй адлятае.\\ \\ З вязніцы сумнай на княжы пасад\\ яго увесь Кіеў паклікаў –\\ ён ўсё ж з панавання ні з волі не рад –\\ не хоча той чэсці вялікай.\\ \\ Мілейшыя сэрцу парогі сваі,\\ пасад свой і тыя дружыны,\\ з якімі хадзіў у цяжкія баі,\\ баронячы межаў Айчыны.\\ \\ Мілейшы той Полацкі край дарагі\\ і пушчы з пахучай жывіцай...\\ Нядаўна Нямігі ціхой берагі\\ крывёю зліліся крывіцкай.\\ \\ Там мужных ваяраў ляжаць чалясы –\\ хто ж гоіць крывіцкія раны\\ тады, калі князь, першы Полацка сын,\\ чужацкія носіць кайданы?\\ \\ І хоць над Нямігу склака груганоў\\ не раз ўжо зляталася ў госці –\\ ўсё ж князева сэрца начамі дамоў\\ ўсё клічуць байцоў сваіх косці.\\ \\ Ўжо цемень радзее, ўжо зоры ўцяклі\\ і знік бляды месяц за імі –\\ князь ўсё яшчэ чуе зямлі сваёй кліч\\ ды з думамі б’ецца цяжкімі.\\ \\ Ён чуе, як рвецца Дзвіна ў берагох,\\ бароў сваіх гоман адвечны,\\ ён чуе, як ў полацкіх гордых мурох\\ шуміць ўсхваляванае веча.\\ \\ Цвіце ужо неба, як тыя ляны,\\ і дзень ўжо над Кіевам сіні –\\ князь слухае сэрцам – б’юць, звоняць званы\\ у полацкай роднай святыні.\\ \\ Нядарам казалі, што князь – чарадзей...\\ Хто ж, духам прабіўшы прасторы,\\ у Кіеве чуў бы, як звон свой гудзе,\\ хто б знаў, што ён сэрцу гавора?\\ \\ Вялікае сэрца мець трэба ў грудзёх\\ і духа магутныя чары,\\ каб чуць, як у полацкіх гордых мурох\\ у звон святой Зофіі ўдараць.\\ \\ Агнём палымяным трэ край свой кахаць,\\ трэ вырасці з ніваў, загонаў,\\ каб славу, багацце – ўсё кінуць, аддаць\\ за кліч свайго роднага звона...\\ \\ 1941 ===== Падобныя старонкі ===== * [[ibdc.ped>усяслаў-чарадзей]] * [[творы/ларыса-геніюш/ларыса-геніюш-аблокі]] * [[творы/вацлаў-ластоўскі/вацлаў-ластоўскі-усяслаў]] * [[творы/эдуард-валасевіч/эдуард-валасевіч-дняпроўскі-чарадзей]] * [[творы/ларыса-геніюш/творчасць-ларысы-геніюш]]