Ларыса Геніюш — Кастусь Каліноўскі

Калі ў бой на змаганне з катам
выйшаў наш адважны Кастусь,
за плячамі ён меў занадта
мала вёснаў
і меў Беларусь.

Меў Кастусь свой адвечны, сярмяжны,
прагны шчасця, працоўны народ.
Толькі волі жадаў недасяжнай –
нагароды з усіх нагарод.

Боль і путы, чужацкая цемра,
лад чужы, здзек чужы і тыран.
Толькі ў сэрцы, як вогнішча, вера,
што народ будзе сам сабе пан.

Толькі сіла ў Яські з-пад Вільні
палымяных завостраных слоў
ды пад шэраю світкаю крылле
і размах, бы вясной у арлоў.

О свабода! Тварыла дзівосы –
змагара-каваля са слугі.
Ты вастрыла сялянскія косы
у гарніле адчаю, тугі.

Падобныя старонкі