Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:ларыса-геніюш:ларыса-геніюш-зіма

Гэта старая версія дакумента!


Ларыса Геніюш — Зіма

Мінулі дні асенняй, бурай слякаці,
падмёрзлы грунт завалакло сняжком.
Такая рань, што хочацца расплакацца
насустрач сонцу й лёгкім аблаком.

Уквеціў шэрань голлі непакрытыя,
за ночку стрэхі снегам падбяліў,
як быццам нечасаную, нямытую
сялібу нашу нехта палюбіў.

Я ў цёплай хусце выбегла на ганачак,
на вуснах смех, такі нячасты госць.
Бязмэтна неяк выглядаю саначак,
якімі адзвінела маладосць.

А тая даль паўзе-гудзе машынамі,
праезджым экскаватарам раве,
і гасне маладосць мая шыпшынная,
як светлы дзень ў вячэрняй сіняве.

Што ж, маладосць усім здаецца казачнай.
Вось і мая: у полі ля сяла
праехала пад звоначкі на саначках,
па росных межах басанож прайшла.

Ляцець бы так санямі параконнымі
ля сонных хатаў, ля дарожных вех,
каб даль звінела вокал галагонамі,
а з-пад капытаў разлятаўся снег.

Сялянскі нораў, кроў мая мужыцкая
да коней сэрцам цягне, да сяла.
Жыву даўно забытымі прывычкамі…
Што ж, маладосць сярод палёў прайшла.

Падобныя старонкі

  • зімой-у-лесе
  • цішка-гартны/цішка-гартны-зімовы-вечар
  • кастусь-жук/кастусь-жук-снежань
  • ларыса-геніюш/ларыса-геніюш-на-каньках
  • кастусь-жук/кастусь-жук-беларуская-зіма
творы/ларыса-геніюш/ларыса-геніюш-зіма.1755861677.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/22 11:21 — 127.0.0.1

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki