Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:ларыса-геніюш:ларыса-геніюш-зубры

Гэта старая версія дакумента!


Ларыса Геніюш — Зубры

Непрыгожыя, барадатыя,
з нетраў пушчы ідуць зубры,
на плячох – вехі-грывы кудлатыя
і цяжкія нясуць гарбы.

То палягуць, то зноў паднімуцца,
растрывожыўшы трэскам глуш,
ногі моцныя аж пружыняцца
пад цяжарам магутных туш.

Сваёй пушчаю крочаць, стройныя,
цёмна-бурыя, як дымы,
неабласканыя, неасвоеныя,
першабытныя так, як мы.

Без хлусні, без лісінага нораву,
ў цеснай дружбе – свая сям’я,
вытрывалыя, непакорныя, –
да такіх належыць зямля!

Ўсе прыходзілі, ўсе іх нішчылі, –
ад чужынца дабра не пачуць,
а яны грамадой нялічанай
страпянуцца і зноў жывуць.

Адна пушча-зямля ім маткаю,
мора жытняе без граніц,
мы адною жывём чалядкаю,
з адных сілу бяром крыніц.

Ўсё гляджу на сям’ю зубрыную.
З вадапою ў гушчар брыдуць.
І здаецца цяжкой хвілінаю –
будзем жыць, бо яны жывуць.

Калі пушча цвіце пралескамі,
плешча сонца вясной з гары, –
беларускія, белавежскія,
з новай сілай равуць зубры.

1965


Падобныя старонкі

творы/ларыса-геніюш/ларыса-геніюш-зубры.1755963794.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/23 15:43 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki