Ларыса Геніюш — Зубры

Непрыгожыя, барадатыя,
з нетраў пушчы ідуць зубры,
на плячох – вехі-грывы кудлатыя
і цяжкія нясуць гарбы.

То палягуць, то зноў паднімуцца,
растрывожыўшы трэскам глуш,
ногі моцныя аж пружыняцца
пад цяжарам магутных туш.

Сваёй пушчаю крочаць, стройныя,
цёмна-бурыя, як дымы,
неабласканыя, неасвоеныя,
першабытныя так, як мы.

Без хлусні, без лісінага нораву,
ў цеснай дружбе – свая сям’я,
вытрывалыя, непакорныя, –
да такіх належыць зямля!

Ўсе прыходзілі, ўсе іх нішчылі, –
ад чужынца дабра не пачуць,
а яны грамадой нялічанай
страпянуцца і зноў жывуць.

Адна пушча-зямля ім маткаю,
мора жытняе без граніц,
мы адною жывём чалядкаю,
з адных сілу бяром крыніц.

Ўсё гляджу на сям’ю зубрыную.
З вадапою ў гушчар брыдуць.
І здаецца цяжкой хвілінаю –
будзем жыць, бо яны жывуць.

Калі пушча цвіце пралескамі,
плешча сонца вясной з гары, –
беларускія, белавежскія,
з новай сілай равуць зубры.

1965


Падобныя старонкі