~~META: title = Ларыса Геніюш — Зубры &keywords = зубры, зноў, жывуць &abstract = Чытаць верш Ларысы Геніюш "Зубры" (Непрыгожыя, барадатыя..) &iftrue = nan ~~ ====== Ларыса Геніюш — Зубры ====== Непрыгожыя, барадатыя,\\ з нетраў пушчы ідуць зубры,\\ на плячох – вехі-грывы кудлатыя\\ і цяжкія нясуць гарбы.\\ \\ То палягуць, то зноў паднімуцца,\\ растрывожыўшы трэскам глуш,\\ ногі моцныя аж пружыняцца\\ пад цяжарам магутных туш.\\ \\ Сваёй пушчаю крочаць, стройныя,\\ цёмна-бурыя, як дымы,\\ неабласканыя, неасвоеныя,\\ першабытныя так, як мы.\\ \\ Без хлусні, без лісінага нораву,\\ ў цеснай дружбе – свая сям’я,\\ вытрывалыя, непакорныя, –\\ да такіх належыць зямля!\\ \\ Ўсе прыходзілі, ўсе іх нішчылі, –\\ ад чужынца дабра не пачуць,\\ а яны грамадой нялічанай\\ страпянуцца і зноў жывуць.\\ \\ Адна пушча-зямля ім маткаю,\\ мора жытняе без граніц,\\ мы адною жывём чалядкаю,\\ з адных сілу бяром крыніц.\\ \\ Ўсё гляджу на сям’ю зубрыную.\\ З вадапою ў гушчар брыдуць.\\ І здаецца цяжкой хвілінаю –\\ будзем жыць, бо яны жывуць.\\ \\ Калі пушча цвіце пралескамі,\\ плешча сонца вясной з гары, –\\ беларускія, белавежскія,\\ з новай сілай равуць зубры.\\ \\ 1965 \\ ===== Падобныя старонкі ===== * [[ibdc.ped>у-белавежскай-пушчы]] * [[ibdc.ped>крэпасць-на-мяжы]] * [[ibdc.ped>зубрыная-сцежка]] * [[ibdc.ped>гаспадар-пушчы]] * [[творы/мікола-чарняўскі/мікола-чарняўскі-каго-баіцца-зубр]]