Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:ларыса-геніюш:ларыса-геніюш-за-прасніцай

Гэта старая версія дакумента!


Ларыса Геніюш — За прасніцай

Калаўротак бурчыць сваю песню
пасівелых, далёкіх нам дзён.
З праллі пальцамі спевам ён песціць
залацісты на прасніцы лён.

Навіваецца нітка на шпулю
із пад рук уцякаючы ў міг.
З яе белыя будуць кашулі,
будзе тонкі, узорны ручнік.

Ды палотнаў сцягі снегавыя
забялеюць на сонцы вясною,
зелень свежую цвет як пакрые
і чаромуху ў вэлюм прыстрое.

Калі воблакам рожава-белым
ахінецца сад цвету імглой,
а дзяўчына затужыць нясмела
аб каханні расцвіўшай вясной.

Снежна белыя будуць кашулі,
ды бялей за чаромухі бель,
за галоўку старое бабулі
і як яснага сонца пасцель.

– Як полаз, як колас, як волас,
ты, унучанька, нітку прадзеш…
Вечарамі накш пралі мы колісь
пры лучыне, на верацяне…

Так бабулька хаця дакарае,
але радасць у твары гарыць,
бо ўнучкіна нітка такая,
што танчэйшай не можа і быць.

Залаціцца кудзеля на прасніцы,
гарыць сонца ў касе залатой.
Пра палотны, пра долю, пра шчасце
плывуць думкі за ніткай даўгой.

1935

Падобныя старонкі

  • ларыса-геніюш/ларыса-геніюш-зіма
  • ларыса-геніюш/ларыса-геніюш-зіма-мароз-кусаецца
  • ларыса-геніюш/ларыса-геніюш-вясковы-дом
  • ларыса-геніюш/ларыса-геніюш-аблокі
  • ларыса-геніюш/творчасць-ларысы-геніюш
творы/ларыса-геніюш/ларыса-геніюш-за-прасніцай.1755861098.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/22 11:11 — 127.0.0.1

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki