~~META: title = Ларыса Геніюш — За прасніцай &keywords = белыя, сонца, гарыць, нітка, прасніцы, кашулі &abstract = Чытаць верш Ларысы Геніюш "За прасніцай" &iftrue = nan ~~ ====== Ларыса Геніюш — За прасніцай ====== Калаўротак бурчыць сваю песню\\ пасівелых, далёкіх нам дзён.\\ З праллі пальцамі спевам ён песціць\\ залацісты на прасніцы лён.\\ \\ Навіваецца нітка на шпулю\\ із пад рук уцякаючы ў міг.\\ З яе белыя будуць кашулі,\\ будзе тонкі, узорны ручнік.\\ \\ Ды палотнаў сцягі снегавыя\\ забялеюць на сонцы вясною,\\ зелень свежую цвет як пакрые\\ і чаромуху ў вэлюм прыстрое.\\ \\ Калі воблакам рожава-белым\\ ахінецца сад цвету імглой,\\ а дзяўчына затужыць нясмела\\ аб каханні расцвіўшай вясной.\\ \\ Снежна белыя будуць кашулі,\\ ды бялей за чаромухі бель,\\ за галоўку старое бабулі\\ і як яснага сонца пасцель.\\ \\ – Як полаз, як колас, як волас,\\ ты, унучанька, нітку прадзеш...\\ Вечарамі накш пралі мы колісь\\ пры лучыне, на верацяне...\\ \\ Так бабулька хаця дакарае,\\ але радасць у твары гарыць,\\ бо ўнучкіна нітка такая,\\ што танчэйшай не можа і быць.\\ \\ Залаціцца кудзеля на прасніцы,\\ гарыць сонца ў касе залатой.\\ Пра палотны, пра долю, пра шчасце\\ плывуць думкі за ніткай даўгой.\\ \\ 1935 ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/ларыса-геніюш/ларыса-геніюш-зіма]] * [[творы/ларыса-геніюш/ларыса-геніюш-зіма-мароз-кусаецца]] * [[творы/ларыса-геніюш/ларыса-геніюш-вясковы-дом]] * [[творы/ларыса-геніюш/ларыса-геніюш-аблокі]] * [[творы/ларыса-геніюш/творчасць-ларысы-геніюш]]