Ларыса Геніюш — Запяі мне песню

Запяі мне песню не з мяшчанскіх вулак,
не з вялікіх сцэнаў, не з эстрад,
запяі мне тую, што я сэрцам чула,
калі асыпаўся белы сад.

Запяі мне тую, што пяяла няня
над калыскай, доўга не сплючы,
ці аб безнадзейным маладым каханні,
што трывожыць сэрца уначы.

Не хачу навінаў з шырокага свету –
пуста майму сэрцу, цесна ў ём,
можа, помніш песню, што пяяла летам
маладая жнейка за сярпом.

Ці мо помніш тую, аб ліхім прыгоне,
з-пад навіслых сумна нашых стрэх,
што пяялі хлопцы, як вадзілі коні
месячнаю ноччу на начлег.

Запяі мне песню нашу, не чужую,
з шматгадовых гоняў ды бароў,
што я сэрцам вечна на чужыне чую
сярод думаў зорных вечароў.

1942

Падобныя старонкі