~~META: title = Ларыса Геніюш — Еўфрасіння Полацкая &keywords = людзьмі, народ, цемру, багоў &abstract = Чытаць верш Ларысы Геніюш "Еўфрасіння Полацкая" &iftrue = nan ~~ ====== Ларыса Геніюш — Еўфрасіння Полацкая ====== Мінуласць ляжыць надмагільным вянком\\ над тымі, што ў смерці застылі,\\ ззяе святлом праз цемру вякоў\\ святое імя Еўфрасінні.\\ \\ А доля ж была у крывіцкіх жанчын\\ з кудзеляю, з прасніцай злучана.\\ Яна ж за асветніцкі слаўны пачын\\ дастойна прайшла ў неўміручасць.\\ \\ Ад Лады, вяснянай красуні ў бары,\\ ад моцы Ярылы, Стварога\\ знайшла сярод вечна паганскай пары\\ да мудрасці новай дарогу.\\ \\ Яшчэ над Дзвіною старыя багі\\ ў сялібах людзьмі карагодзяць,\\ яе ўжо прывабіў свет праўды другі,\\ што неслі Кірыл і Мяфодзій.\\ \\ У пушчы-лясы адыходзяць далей\\ продкаў сівых абаронцы.\\ Пісьменніцтва, новая вера мацней за ўсіх багоў грому і сонца.\\ \\ Народ яшчэ даўніх мілуе багоў.\\ З камення ім стодзівы ставіць.\\ Абараняць іх у пушчах гатоў\\ і моц над людзьмі славіць.\\ \\ Дарэмна. Другія стаяць алтары.\\ У Прадыславы мэта –\\ святыні, цэрквы, манастыры –\\ тагачасныя універсітэты.\\ \\ Вяртаецца ў край з навукай, з дабром,\\ братэрства і мір у ім сее.\\ Валодае смела князёўна пяром,\\ людзьмі завалодаць сумее.\\ \\ Асветніца наша, духоўны ўладар,\\ паганства і цемру скарыла,\\ каб Полацк узвысіць.\\ На шлях яе мар\\ з Полацка выйшаў Скарына.\\ \\ У сэрцы чарніцы палае агонь.\\ Падзеі тых дзён па парадку\\ збірае на славу народа свайго\\ і летапіс піша нашчадкам.\\ \\ У келлі маленькай, у ціхім Сяльцы,\\ не марыць пра узнагароду.\\ Не толькі царкве яе веліч душы –\\ жывому народу і роду.\\ \\ Адчула: народ не учора паўстаў.\\ Не заўтра канец нам прысудзяць.\\ З мінуўшчыны слаўнай падзеяў і спраў\\ мы ёсць.\\ Мы былі.\\ Мы будзем! ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/ларыса-геніюш/ларыса-геніюш-зіма]] * [[творы/ларыса-геніюш/ларыса-геніюш-вясковы-дом]] * [[творы/ларыса-геніюш/ларыса-геніюш-аблокі]] * [[творы/ларыса-геніюш/ларыса-геніюш-зіма-мароз-кусаецца]] * [[творы/ларыса-геніюш/творчасць-ларысы-геніюш]]