~~META: title = Клаўдзія Каліна — Як грыбы збіраліся на парад &keywords = мухамор, грыбы, цар, баравік, парад, капялюш, чырвоны, грыбны, любілі, знак, падбярозавіка, белыя &abstract = Казка Клаўдзіі Каліны "Як грыбы збіраліся на парад" &iftrue = nan ~~ ====== Клаўдзія Каліна — Як грыбы збіраліся на парад ====== **1** Надумаўся грыбны цар Баравік зрабіць парад усіх грыбоў. Захацелася яму паглядзець, колькі ў яго царстве грыбнога народу.\\ Пачалі грыбы рыхтавацца да парада. Кожнаму хацелася быць самым прыгожым. У лясным царстве жылі розныя грыбы. Самы злосны быў Мухамор. Грыбы-суседзі не любілі яго. Не любілі яго таксама лясныя жучкі, конікі і асабліва мухі. Яны ніколі не садзіліся на яго чырвоны капялюш. Але Мухамор нічога не заўважаў. Ён стаяў у сваім яркім капелюшы, выхваляўся. Думаў, што ва ўсім лесе няма грыба, прыгажэйшага за яго.\\ І на парад Мухамор падрыхтаваўся першы. З самага ранку ён ужо стаяў перад вялікай кропляй расы на травінцы. Любаваўся сам сабою.\\ **2** І вось цар Баравік падаў знак. Грыбы рушылі на парад. Першымі пабеглі лісічкі ў жоўценькіх капялюшыках. Штурхаліся, абганялі адна адну.\\ – Фі!– фыркнуў Мухамор. – Куды яны лезуць? – Ён нават не прызнаваў лісічак за грыбы.\\ Потым выбеглі сыраежкі ў рознакаляровых каўпачках. Важна прайшлі рыжыкі.\\ Без усялякага парадку прабеглі перад Баравіком ваўнянкі, грузды, маслякі, махавікі.\\ Паважна прайшла сям’я падбярозавікаў у карычневых берэтах.\\ І раптам Мухамор убачыў чырвоны капялюш… Гэта ішоў Падасінавік. Мухамор вельмі раззлаваўся.\\ – Ах ты, нягоднік! Чаму ты надзеў такі капялюш, як у мяне? – крыкнуў Мухамор.\\ Ён тут жа сарваў кветку рамонку. Абскуб з яе ўсе белыя пялёсткі. І абсыпаў імі свой чырвоны капялюш. Выйшаў на сярэдзіну паляны. Думаў, што цяпер ён прыгажэйшы за ўсіх…\\ **3** Усе грыбы моўчкі глядзелі на Мухамора. Чакалі, што скажа Баравік.\\ Але грыбны цар нават не зірнуў на Мухамора. Усе заўважылі, што ён прыглядаецца да лясной сцяжынкі. Там з’явіліся дзед з унучкай.\\ Цар Баравік убачыў людзей. І падаў знак хавацца. Грыбы адразу ж разбегліся. Хто залез пад бярозку. Хто схаваўся ў мох. Хто накрыўся лісцем.\\ На палянцы застаўся адзін Мухамор.\\ – Ах, які грыб! – узрадавалася дзяўчынка. – Якія ў яго белыя крапінкі на чырвонай шапцы. Дзедка, возьмем яго ў кошык? Зірні, які ён прыгожы!\\ – Прыгожы, ды ядавіты, – сказаў дзядуля ўнучцы, – яго нельга есці. Мы лепш пашукаем з табой баравікоў, падбярозавікаў, падасінавікаў… ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/кастусь-жук/кастусь-жук-у-бары]] * [[ibdc.ped>баравік-пад-парасонам]] * [[творы/янка-купала/янка-купала-явар-і-каліна]] * [[творы/максім-танк/максім-танк-мухамор]] * [[творы/клаўдзія-каліна/клаўдзія-каліна-у-студзеньскую-ноч]]