~~META: title = Клаўдзія Каліна — Чэрвень і Сонейка &keywords = сонейка, чэрвень, чэрвеня, дзень, сад, дагледзець, жыта, лён, сунічкі, сок &abstract = Апавяданне Клаўдзіі Каліны "Чэрвень і Сонейка" &iftrue = nan ~~ ====== Клаўдзія Каліна — Чэрвень і Сонейка ====== Бегае Чэрвень з саменькага ранку і да вечара па садах, палях, лясах, і ні ўпынку, ні адпачынку яму няма. Усюды трэба паспець, усё дагледзець.\\ Не паспеў абабегчы ўсе сады, паглядзець, ці добрая завязь на дрэвах, як на поле пара: на жыта зірнуць, падрасціць лён, каб даўжэйшы рос, папрасіць, каб Вецер прыгнаў хмару з дажджом ды астудзіў ад спякоты зямлю...\\ А тут яшчэ трэба ў лес завітаць, дагледзець сунічкі, павярнуць іх да Сонейка, каб сокам наліваліся. А Сонейка ўжо на схіле, хутка і вечар...\\ – Ох, які кароткі дзень! – скардзіцца Чэрвень. – Сонейка, памажы мне, свяці даўжэй.\\ Сонейка слухае Чэрвеня і кожныя суткі ўсё болей прыбаўляе дня.\\ Чэрвень за дзень усюды пабывае: паглядзіць, як у лесе даспяваюць сунічкі, загляне ў вожыкаву схованку, пацікавіцца, як гадуюцца малыя важаняткі, і ў гнёзды птушыныя зазірне. Так за турботамі не заўважае, як бяжыць час. І вось чутна, як звіняць на лузе косы, пачалася касавіца... Новыя клопаты ў Чэрвеня.\\ – Сонейка, будзь ласкава, прыбаў яшчэ дня! Людзям сена трэба высушыць, – просіць зноў Чэрвень.\\ Сонейка слухала Чэрвеня, прыбаўляла дня, прыбаўляла ды і перастала.\\ – Усё! – кажа. – Болей не магу прыбавіць ні хвілінкі... Ночка крыўдзіцца, зусім кароценькая стала. Не паспее згаснуць неба на захадзе, як ружавее на ўсходзе!\\ – І за гэта дзякуй! – кажа Чэрвень. – І так ты мне памагло. Я і садавіну пад гадаваў, я і жыта выкаласіў, і лён падрасціў, і ягады сокам наліў... І шмат іншай работы зрабіў. Не сорам майму брату Ліпеню будзе ў вочы глянуць.\\ Вось чаму ў Чэрвеня самы доўгі дзень і самая кароткая ноч. Гэта Сонейка дружыць з Чэрвенем і памагае яму. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/максім-багдановіч/максім-багдановіч-ах-ты-сонца-сонейка]] * [[творы/зоська-верас/зоська-верас-сонейка-грэе]] * [[творы/мікола-чарняўскі/мікола-чарняўскі-сонейка-ўзышло]] * [[творы/мікола-чарняўскі/мікола-чарняўскі-колькі-ў-сонейка-сяброў]]