~~META: title = Клаўдзія Каліна — Хлопчык Пакідайчык &keywords = бабуля, пакідайчык, хлопчык, унучак, сакрэт, сіла, абед, пакалупае, адзецца &abstract = Апавяданне Клаўдзіі Каліны "Хлопчык Пакідайчык" &iftrue = nan ~~ ====== Клаўдзія Каліна — Хлопчык Пакідайчык ====== Жыў на свеце хлопчык Пакідайчык. Звалі яго гэтак за тое, што кожны раз ён пакідаў недаедзены абед.\\ Сядуць дзеці ў дзіцячым садзе абедаць, усім смачна, а Пакідайчык сядзіць ды лыжкай у супе боўтае. Пададуць катлету, відэльцам пакалупае, пакалупае ды пакіне. Кампот і той не вып’е ўвесь.\\ І пачаў Пакідайчык худзець з кожным днём. Зрабіўся слабенькі-слабенькі. Адзецца сам не можа, бегаць няма сілы, нават гуляць з дзецьмі перастаў, бо ад слабасці цацку ў руках не мог трымаць. І захварэў ён ад знямогі. Ляжыць на пасцелі, бачыць, як за акном сонейка свеціць, слухае, як з вуліцы дзіцячыя галасы даносяцца. Сумна Пакідайчыку ў хаце.\\ Даведалася бабуля ў вёсцы, што яе ўнук у горадзе захварэў, і прыехала адведаць. Паглядзела на ўнука і ўздыхнула:\\ – Охо-хо-хо! Відаць, ты, унучак, ні разу не з’еў сваёй сілы, што так схуднеў.\\ – А як гэта, бабуля, можна сваю сілу з’есці? – спытаў Пакідайчык.\\ – Гэта, унучак, сакрэт. Хто яго не ведае, той заўсёды худзее і слабее. А хто ведае, то становіцца вялікі і дужы.\\ – Бабуля, міленькая, скажы мне той сакрэт. Ну, калі ласка! Я таксама хачу быць здаровым і дужым.\\ – Добра, унучак, скажу. Толькі ведай, сілу не лёгка знайсці, яна заўсёды хаваецца ад чалавека.\\ – Я знайду яе, бабуля, толькі скажы дзе?\\ – Сіла тая хаваецца заўсёды ў апошняй крошцы хлеба або на дне талеркі. Застанецца лыжка супу – яна і схаваецца там. От і сачы цяпер, як будзеш есці, каб нічога не заставалася.\\ Хлопчык Пакідайчык аж прыўзняўся на ложку:\\ – Бабуля, а вялікая тая сіла?\\ – Пакуль яна ў крошцы хлеба ці ў лыжцы супу, дык маленькая-маленькая. Нават тваё вока і не ўбачыць, а яна – там. А як чалавек знойдзе сваю сілу ды з’есць, дык яна тады расце ў ім і расце. А чалавек дужэе і дужэе.\\ І ўнучак запэўніў бабулю:\\ – Я знайду сваю сілу і з’ем. Пабачыш.\\ – Вось і малайчына, адразу зразумеў, – пахваліла бабуля. – А цяпер выпі кубачак малака.\\ Пакідайчык выпіў малако і зазірнуў на дно кубачка, ці не засталася там сіла?\\ У абед ён таксама ўсё з’еў, да апошняга кавалачка, нават крошкі сабраў у рот.\\ Праз некалькі дзён хворы Пакідайчык папрасіў бабулю памагчы ўстаць і адзецца. А тая пагладзіла ўнучка па галаве ды кажа:\\ – А ты паспрабуй сам. Мы з табою тады даведаемся, знайшоў ты сваю сілу ці не?\\ Бабуля выйшла ў другі пакой, а хлопчык злез з ложка і пачаў адзявацца. Пакуль яна вярнулася, Пакідайчык ужо стаяў перад люстэркам.\\ – Глядзі, бабуля, я сам адзеўся. Мусіць, я знайшоў сваю сілу.\\ – Ну вось і добра, – пахваліла бабуля ўнука. – Цяпер сачы за сваёй сілай. Ты ўжо ведаеш, яна ўцякае ад тых дзяцей, хто недаядае ці не дапівае.\\ З гэтага дня пачаў хлопчык усё з’ядаць, што давала яму мама ці бабуля. Хутка шчокі ў яго паружавелі, павесялелі вочы, пашпарчэлі ногі. Тата з мамай нацешыцца не маглі са свайго сына.\\ У той дзень, як бабуля ад’язджала дахаты ў вёску, хлопчык падышоў да яе, моцна абняў і ціхенька шапнуў:\\ – Дзякуй, бабуля, за сакрэт.\\ Цяпер хлопчыка ніхто не называе Пакідайчыкам, а проста Віцем. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/авяр-ян-дзеружынскі/авяр-ян-дзеружынскі-бусел-і-хлопчык]] * [[творы/пятрусь-макаль/пятрусь-макаль-голас-вечнага-хлопчыка]] * [[творы/янка-купала/янак-купала-хлопчык-і-лётчык]] * [[творы/клаўдзія-каліна/клаўдзія-каліна-у-студзеньскую-ноч]] * [[творы/уладзімір-дубоўка/уладзімір-дубоўка-праўдзівы-хлопчык]]