~~META: title = Клаўдзія Каліна — У студзеньскую ноч &keywords = год, дзед, мароз, стары, ялінку, ноч, ўладанні, адпачыць, скача, лесе &abstract = Апавяданне Клаўдзіі Каліны "У студзеньскую ноч" &iftrue = nan ~~ ====== Клаўдзія Каліна — У студзеньскую ноч ====== Дзед Мароз у навагоднюю ноч абходзіў свае ўладанні. Аглядаў, ці добра ўкрыты снежнай коўдрай палі. Ці моцны на рэках лёд. І чакаў надыходу Новага года.\\ Ідзе стары па лесе ў цяжкіх валёнках. Абапіраецца на лясны кій і скардзіцца:\\ – Охо-хо-хо… Стары я ўжо стаў. Ледзь ногі цягаю, пара і адпачыць. І дзе гэта падзеўся той Новы год? Хутка поўнач, а яго няма і няма…\\ Толькі так сказаў, аж бачыць: гуляе на палянцы хлопчык у чырвоным кажушку. Начапляў на лапкі ялінкі ледзяшоў, снежных зорачак, гронак мёрзлай каліны і скача вакол яе.\\ А разам з ім, нягледзячы на ноч, скачуць і ўсе лясныя жыхары. Тут і вавёрачка гойдаецца на галіне. Заяц з лісам навыперадкі бегаюць. Шэры воўк бліскае зялёнымі вачыма. Стракоча сарока-белабока. Верашчыць сойка стракатая. Каркае варона дзюбатая… Скача па снезе, выпнуўшы грудзі, снягір і выхваляецца:\\ – Паглядзіце, якая ў мяне камізэлька прыгожая!\\ – А ў мяне шапачка не горшая, таксама чырвоненькая! – кажа дзяцел.\\ – Дык вось дзе ты! – узрадаваўся Дзед Мароз і пайшоў хутчэй.\\ Убачылі звяры ды птушкі Дзеда Мароза і давай цягнуць яго ў карагод.\\ – Прывітанне табе, Новы год! – гукнуў стары. – Нарэшце цябе дачакаўся!\\ Абняліся яны, прывіталіся.\\ – Цяпер хадзем са мною. Перадам я табе ўсе свае ўладанні. Пара мне ўжо адпачыць.\\ – А як жа мая ялінка? – засмуціўся па-дзіцячы Новы год. – Я яе так хораша прыбраў, шкада пакідаць…\\ – Ялінку мы з сабою возьмем! Па дарозе зойдзем да дзяцей. Аддадзім ім гэтае дрэўца, няхай пацешацца. – І Дзед Мароз узваліў на плечы ялінку.\\ Так яны і пайшлі з лесу…\\ З таго часу кожны год сустракаюцца Дзед Мароз з Новым годам у лесе на паляне. І штогод прыносяць з таго лесу дзецям ялінку. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/янка-купала/янка-купала-мароз]] * [[ibdc.ped>прывакзальная-плошча]] * [[творы/васіль-жуковіч/васіль-жуковіч-мароз]] * [[ibdc.ped>аер]] * [[творы/цішка-гартны/цішка-гартны-зімовы-вечар]]