~~META: title = Клаўдзія Каліна — Снежань &keywords = снежань, заяц, мука, зямлю, цеста, палі, прыедзе, мукі, белаю, сыпле, блінцоў, лясной, крыніцы, кажушкі &abstract = Апавяданне Клаўдзіі Каліны "Снежань" &iftrue = nan ~~ ====== Клаўдзія Каліна — Снежань ====== Ці ведаеце вы, хто такі Снежань? Не? Дык я вам скажу. Снежань – млынар. Ёсць у яго на далёкай поўначы чарадзейны млын, які ўдзень і ўначы меле бялюткую муку.\\ Снежань тую муку возіць і высявае на палі, лугі, лясы…\\ Прыедзе, агледзіць голыя палі, дрэвы, кусты.\\ – Эхэ-хэ! – кажа. – Трэба тут парадак навесці. – І ледзь цягне вялізны мех мукі дый высыпае на зямлю.\\ Цёпла робіцца зямельцы пад пышнаю белаю коўдрай. А Снежань сыпле і сыпле муку, пакуль не выбеліць ёю ўсю зямлю.\\ – Цяпер добра было б яшчэ і блінцоў напячы, падсілкавацца, – кажа, вытрасаючы з мяхоў у крыніцу рэшткі мукі.\\ Замясіў Снежань цеста ў лясной крыніцы. І толькі сабраўся блінцы пячы, як чуе: нехта галосіць у лесе. Бачыць, бягуць зайцы, спалашыліся, крычаць:\\ – Бедныя мы, зайцы! Што нам рабіць? Дзе схавацца?\\ Усюды ўсё белае, а мы засталіся шэрыя. Нас руды ліс падсцерагае, паляўнічы страляе.\\ – Не бядуйце, зайцы! – гукнуў ім Снежань. – Ідзіце да мяне, я вам памагу.\\ Схапіў Снежань зайцоў за іх доўгія вушы і – боўць у цеста. Выцягнуў, глядзіць, а зайцы сталі белыя- бялюткія. Толькі на кончыках вушэй, за якія трымаў іх Снежань, засталіся ў зайцоў маленькія цёмныя лапінкі. Але гэта не бяда…\\ Зарадаваліся зайцы, падзякавалі Снежню за тое, што перафарбаваў іх кажушкі, і паскакалі ў лес.\\ З тых даўніх часоў так і павялося. Прыедзе на сваіх сярэбраных санях Снежань, пасыпле белаю мукою зямлю, замесіць у лясной крыніцы цеста, каб напячы блінцоў. І адразу чуе: бягуць па лесе спалоханыя зайцы, крычаць.\\ І пачынае Снежань бяліць зайчыкавы кажушкі… ===== Падобныя старонкі ===== * [[ibdc.ped>галінка-каліны-ў-лётным-планшэце]] * [[творы/янка-купала/янка-купала-явар-і-каліна]] * [[творы/мікола-чарняўскі/мікола-чарняўскі-снежань]] * [[творы/клаўдзія-каліна/клаўдзія-каліна-у-студзеньскую-ноч]] * [[творы/кастусь-жук/кастусь-жук-снежань]]