~~META: title = Клаўдзія Каліна — Ліпень &keywords = лета, пчолы, месяц, кветкі, ліпень, вясна, сад, мёд, красак, рой, луг &abstract = Апавяданне Клаўдзіі Каліны "Ліпень" &iftrue = nan ~~ ====== Клаўдзія Каліна — Ліпень ====== Неяк раз запрасіла Вясна з заморскіх краёў да сябе ў госці пчаліны рой.\\ Прыляцелі пчолы да Вясны, спадабалася ім тут. Сады цвітуць, прыгожыя кветкі на лугах. Ёсць з чаго пчолам збіраць мёд. І яны збіралі нектар, пылок з кветак і за работаю не згледзелі, як Вясна адышла і прыйшло Лета.\\ Аднойчы ранкам вылецелі пчолы ў сад, а там усе кветкі з дрэў асыпаліся. Паляцелі пчолы на лугі, а там пракосы ляжаць. Падаліся на палеткі канюшыны, і тут усё скошана. Зажурыліся пчолы і вярнуліся да сваёй маці.\\ – Што ж нам рабіць? – бедавалі яны. – Лета атрэсла з садоў усе кветкі, скасіла ўсе краскі на лугах і палях… Як жыць? Вясне новага мёду не хопіць на доўгую зіму!\\ – Не журыцеся, мае дзеткі! – супакоіла іх пчаліная маці. – Паляцім усім роем да Лета, папросім, можа, яно дасць якую раду.\\ Знайшлі пчолы Лета на лузе, яно касіла траву.\\ – Што ж ты нас крыўдзіш, Лета? – загулі пчолы. – Вясна нас запрасіла да сябе, расквеціла сады… А ты ўсе галінкі атрэсла, лугі скасіла, усё высушыла… няўжо ты не ведаеш, што мы без красак і без работы загінем?!\\ Выслухала Лета пчол, задумалася.\\ – Не ведала я, што вам патрэбны кветкі, але пачакайце, можа, мае месяцы нешта параяць…\\ – Эгэ-гэ-гэ! Дзе вы, мае месяцы? – гукнула Лета.\\ Выбеглі з зялёнага гаю тры вясёлыя, загарэлыя летнія месяцы, сталі ў рад.\\ – Мы тут, Лецейка! Што загадаеш? – спыталі.\\ – Памажыце пчолам! – папрасіла сваіх месяцаў Лета і расказала ім пра пчаліную скаргу.\\ – Я толькі магу падоўжыць дзень, каб пчолы маглі больш красак абляцець, – сказаў першы месяц Лета.\\ – А я замест скошаных красак падгадую новыя, – паабяцаў трэці, апошні месяц.\\ – А што ж ты маўчыш? – спытала Лета ў сярэдняга месяца.\\ Сярэдні месяц доўга думаў, што яму зрабіць, каб памагчы пчолам.\\ – Я расквечу ліпы, яны яшчэ не цвілі! – радасна сказаў ён. – Вось і будзе пчолам удосталь і працы, і мёду.\\ – Вельмі добра ты прыдумаў! – зарадавалася Лета. – За тое, што ты расквеціш ліпы і дапаможаш пчолам, ты і будзеш звацца Ліпень.\\ – Дзякуй табе, Ліпень! Добры Ліпень! Шчодры Ліпень! – загулі пчолы і паляцелі да ліп.\\ І да гэтага часу пчолы дзякуюць шчодраму Ліпеню.\\ – Дзя-дзя-куй! Дз-дзякуй! – дзынкаюць яны над ліпамі.\\ Пастойце хвілінку ў ліпені пад расквечанымі ліпамі, прыслухайцеся, самі пачуеце. ===== Падобныя старонкі ===== * [[ibdc.ped>горкі-мёд]] * [[ibdc.ped>пчаліны-рой]] * [[творы/ядвіга-бяганская/ядвіга-бяганская-юрка-і-пчолы]] * [[творы/мікола-чарняўскі/мікола-чарняўскі-цымбалы]] * [[ibdc.ped>бортніцтва]]