~~META: title = Клаўдзія Каліна — Лыжы &keywords = лыжы, сеня, ніна, дзяўчынка, палкі, хлопчык, пакатацца, раменьчыкі, двор, пушынкамі, снег, кружыліся, дзеці &abstract = Апавяданне Клаўдзіі Каліны "Лыжы" &iftrue = nan ~~ ====== Клаўдзія Каліна — Лыжы ====== 1 У маленькім завулку вялікага горада стаяў чырвоны цагляны домік. У ім жылі па суседстве дзяўчынка Ніна і хлопчык Сеня.\\ Аднаго разу Ніна і Сеня сядзелі каля акна і пазіралі на двор. За акном пушынкамі падаў снег. Белы дыван заслаў увесь завулак. Плот і веснічкі надзелі мяккія пушыстыя шапкі. А снежныя матылькі ўсё кружыліся і кружыліся…\\ – Эх, як добра было б пакатацца! – уздыхнула Ніна.\\ Але як гэта зрабіць? У яе ёсць лыжы, але на іх парваліся раменьчыкі, ды і палак няма.\\ – Ведаеш што, Ніна, я адрамантую твае лыжы. А ў мяне ёсць палкі, будзем катацца. Добра? – прапанаваў Сеня.\\ – Добра, – адказала дзяўчынка.\\ Так у Ніны і Сені з’явіліся лыжы. Дзеці хадзілі ў школу ў розныя змены. Дык Сеня катаўся зранку, а Ніна – пасля абеду.\\ Усё ішло добра. Але вось насталі зімовыя канікулы. Аднойчы ім захацелася абаім пакатацца зранку. А лыжы адны. Заспрачаліся, і ніхто з іх не захацеў уступіць.\\ Дзяўчынка даказвала, што лыжы яе, а Сеня даводзіў сваё:\\ – А хто іх адрамантаваў? А палкі чые?\\ Раззлаваўшыся, яны пачалі вырываць адно ў аднаго лыжы. Пасля хлопчык адарваў раменьчыкі, забраў свае палкі і пайшоў дадому.\\ Стаяць у калідоры ў адным кутку лыжы з адарванымі раменьчыкамі, а ў другім – палкі.\\ Прыйшлі з работы іхнія мамы. Паглядзелі на сваіх дзяцей і зразумелі, за што не паладзілі дзеці. Узялі палкі і лыжы і закінулі на гарышча.\\ 2 Сядзяць хлопчык і дзяўчынка дома і глядзяць праз акно на двор. А снег вялікімі пушынкамі ўсё ляціць, усё падае.\\ Сеня моўчкі ўстаў і палез на гарышча. Дастаў палкі ды лыжы. Схаваўся ў дрывотні і пачаў зноў прыладкоўваць раменьчыкі. Зрабіў як след, памазаў лыжы, каб добра слізгацелі.\\ «Пайду скажу Ніне, што зноў лыжы спраўныя. Няхай ідзе першая пакатаецца», – падумаў хлопчык.\\ Але дзяўчынкі дома не было. Тады Сеня пайшоў да яе сяброўкі. Не застаўшы там Ніны, ён вярнуўся дахаты, каб узяць лыжы ды пакатацца самому.\\ Глянуў, а лыж няма. Не разумеючы, куды дзеліся лыжы, ён, засмучаны, паплёўся на горку. І раптам бачыць, што на горку ўзбіраецца Ніна на лыжах.\\ – Ну, я ж табе пакажу! – гукнуў раззлаваны Сеня. Але дзяўчынка была высока на горцы і не пачула пагрозы. Яна лёгка адштурхнулася і віхрам зляцела ўніз.\\ У хлопчыка аж дух заняло.\\ – Вось гэта здорава! – падумаў Сеня. Тут Ніна крута развярнулася і памчалася па снежным полі.\\ Сеня нават забыўся на сваю пагрозу. Калі дзяўчынка параўнялася з ім і хацела аддаць лыжы, Сеня сказаў:\\ – Не трэба. Катайся, а я пасля…\\ Ніна ўсміхнулася і пачала ўзбірацца на гару. ===== Падобныя старонкі ===== * [[ibdc.ped>на-лыжах]] * [[ibdc.ped>перамога]] * [[ibdc.ped>лыжы]] * [[творы/клаўдзія-каліна/клаўдзія-каліна-у-студзеньскую-ноч]] * [[ibdc.ped>першы-след]]