~~META: title = Клаўдзія Каліна — Кастрычнік &keywords = павучкі, кужалёк, даль, кастрычнік, лён, ляціць, кужаль, замаразкі, лянок &abstract = Апавяданне Клаўдзіі Каліны "Кастрычнік" &iftrue = nan ~~ ====== Клаўдзія Каліна — Кастрычнік ====== Трэ Кастрычнік лён, аж кастрыца ляціць стаўбом. Спяшаецца ён да замаразкаў кужаль выткаць і вопратку сабе пашыць. Пачулі пра замаразкі павучкі і напалохаліся.\\ – Ой, што нам рабіць? – пачалі бедаваць. – Замерзнем мы ў замаразкі, загінем без вопраткі.\\ І пайшлі павучкі да Кастрычніка, каб той навучыў іх ткаць кужаль.\\ – Добра, навучу, – згадзіўся Кастрычнік і даў кожнаму павучочку льну па снапочку.\\ – Перш-наперш гэты лянок трэба вымачыць, потым высушыць, затым пацерці... – навучаў ён павучкоў, – далей трэба лянок вытрапаць і вычасаць, кудзелечку скласці і танюсенька спрасці. Нітачкі тыя ў аснову на кросенкі навіць. Нарэшце нітачку ў чаўнок – і тчыце сабе кужалёк!\\ Падзякавалі павучкі Кастрычніку і ўзяліся за работу. Прадуць павучкі кужалёк, а што далей з ім рабіць, забыліся. Адны кажуць: «Трэба зноўку кужалёк мачыць!» Другія пярэчаць: «Трэба сушыць». Трэція крычаць: «Трэба часаць». А да ладу не могуць дайсці.\\ Так кожненькі год і спрачаюцца паміж сабою павучкі. Напрадуць нітачак, цягнуць іх па зямлі і не ведаюць, што далей з імі рабіць. І ляціць разам з павучкамі над палямі беленькі кужалёк – бабіна лета.\\ Паглядзіце ў кастрычніку на палі, лугі, лясы... Колькі таго серабрыстага кужалю павучкі напралі! ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/мікола-чарняўскі/мікола-чарняўскі-кастрычнік]] * [[творы/янка-купала/янка-купала-явар-і-каліна]] * [[творы/авяр-ян-дзеружынскі/авяр-ян-дзеружынскі-кастрычнік]] * [[творы/клаўдзія-каліна/клаўдзія-каліна-у-студзеньскую-ноч]] * [[ibdc.ped>кастрычнік]]