~~META: title = Клаўдзія Каліна — Жнівень &keywords = перапёлка спаць паспела жнівень пагубляла клікала гняздо жыта жаць дзяцей, пшаніцу, пырхнула, ячмень &abstract = Апавяданне Клаўдзіі Каліны "Жнівень" &iftrue = nan ~~ ====== Клаўдзія Каліна — Жнівень ====== Бяда перапёлцы ў жніўні. У жніўні сярпы звіняць, камбайны гудуць, снапы покатам кладуцца… А беднай перапёлцы нідзе прытулку няма. Не паспела яна ў жыце гняздо звіць, птушанят падгадаваць, як Жнівень ужо гукае: Час адгэтуль вылятаць –\\ Пачынаю жыта жаць. Ледзь уцякла перапёлка з жыта. Дзяцей ад страху пагубляла… Доўга пасля клікала іх: «Спаць пара! Спаць пара!» А калі сабрала, павяла хуценька ў пшаніцу.\\ – Тут зраблю гняздзечка, – кажа сваім дзеткам перапёлка.\\ Толькі паспела месца выбраць, як Жнівень зноў загукаў: Пакідай сваю святліцу –\\ Пачынаю жаць пшаніцу! Пырхнула перапёлка ў ячмень. Зноў дзяцей пагубляла. Доўга шукала і клікала: «Спаць пара! Спаць пара!» Знайшоўшы, павяла ў ячмень:\\ – Тут нас ніхто не патурбуе!\\ Але раптам над самаю яе галавою зазвінела каса…\\ – Вылятай, перапёлка! – пачуўся голас Жніўня.\\ Спалохалася перапёлка і наўцёкі… Зноў дзетак пагубляла. Доўга клікала: «Спаць пара! Спаць пара!» Даклікалася і пайшла ў аўсы. Але не паспела і аснаваць гняздо, як пачула: «Вылятай, перапёлка!»\\ Перапалохалася, бедная, сіганула ў проса, адтуль у грэчку. Нарэшце ў бульбу, а Жнівень – за ёю. «Вылятай, перапёлка! Вылятай!» – усюды чуецца яго голас.\\ Пырхнула перапёлка на агароды, а за ёю – дзетак чароды. Паляцела яна над лугам, а за ёю – птушаняты цугам.\\ Акрыялі, падужэлі яе дзеткі ад тых пералётаў. Памацнелі ў іх крылцы, паспрытнелі ножкі. Не агледзелася перапёлка, як дзеткі яе выраслі.\\ А тут ужо канчаецца лета цёплае, пара ў вырай збірацца.\\ Сабрала перапёлка сваю вялікую сям’ю і паляцела зімаваць у вырай. ===== Падобныя старонкі ===== * [[ibdc.ped>птушкі-шчасця]] * [[творы/янка-брыль/увесь-свет-адзін-дом-па-раману-янкі-брыл]] * [[творы/янка-брыль/раман-янкі-брыля-птушкі-і-гнёзды-вобраз-]] * [[творы/янка-брыль/птушкі-i-гнёзды-гнёзды-за-дымам-аповесць]] * [[творы/янка-брыль/птушкі-i-гнёзды-сцюдзёны-вырай-аповесць-]]