~~META: title = Кастусь Жук — Шпак купіў магнітафон &keywords = шпак, сад, шчыглу, салавей, нотаў, песню, пець, сон, купіў, магнітафон &abstract = Чытаць верш Кастуся Жука "Шпак купіў магнітафон" &iftrue = nan ~~ ====== Кастусь Жук — Шпак купіў магнітафон ====== Мне прысніўся дзіўны сон:\\ Шпак купіў магнітафон.\\ Ён, усеўшыся на грушу,\\ Інтэрв’ю бярэ у птушак:\\ – Адкажы мне, ды жвавей,\\ Што спяеш нам, салавей?\\ Ці прыпеўкі, ці раманс?\\ Стаць славутым маеш шанс.\\ \\ Салавей сумеўся:\\ – Што вы?\\ Сёння пець я не гатовы.\\ Паспяваў бы я ў ахвоту,\\ Ды не ўзяў з сабою нотаў.\\ \\ – Ты што скажаш, верабей?\\ – Пець шчыглу – куды прасцей:\\ Ён без нотаў зацягнуць\\ Можа песню пра вясну.\\ – А што думаюць удоды?\\ – Падпяваць шчыглу мы згодны.\\ – Вось і добра!\\ Мы ж усе\\ Вам паможам пакрысе.\\ \\ Шчоўкнуў шпак магнітафонам –\\ I азваўся сад зялёны\\ Галасамі вераб’я,\\ I шчыгла, і салаўя.\\ \\ Нават жаваранак з неба\\ Звонка падцягнуў, як трэба,\\ Аж пусціліся у скокі\\ Тры сініцы, дзве сарокі.\\ \\ З лесу чорны дрозд паспешна\\ Прыляцеў паслухаць песню,\\ Не ўтрымаўся – свіснуў сам.\\ Вольна ўсім тут галасам!..\\ \\ Я прачнуўся. Сад звінеў:\\ Кожны птах на дрэве пеў.\\ Зразумеў я: то не сон –\\ Шпак купіў магнітафон. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/генадзь-бураўкін/генадзь-бураўкін-шпак-спявае]] * [[ibdc.ped>шпак]] * [[творы/янка-журба/янка-журба-шпак]] * [[творы/яўген-крупенька/яўген-крупенька-шпак]] * [[ibdc.ped>бясхвосты-шпак]]