Кастусь Жук — Скрыпка

Не слухаў скрыпкі я даўно.
Той, на якой адзін музыка
выпешчваў гэтакія зыкі –
Дых перахватвала ажно.

Няма музыкі ўжо на свеце,
Ды выраслі музыкі-дзеці,
I, чутка ёсць, малодшы сын
Умее так, як граў Марцін.

Ото і граў ён! Божа мой…
Здавалася:

гусей чароды

Плылі ў палоне асалоды
І пошум крыл – над галавой.

Стаіш, не ведаючы, што
Цябе трымае, не пускае,
А песня доўгая такая –
Са струн то весялосць, то стогн…

I не сказаць, што пальцаў двух
Не стала ад вайны ў Марціна:
Спявае скрыпка,

як даліна,

Дзе ў травы свішча вецер-зух.

Няма Марціна ўжо даўно…
А я ўсё помню,

як музыка

Выпешчваў гэтакія зыкі –
Дых перахватвала ажно.

Падобныя старонкі