~~META: title = Карусь Каганец — Плач беларуса &keywords = бедны, беларусь, папелі, колісь, мёртва, краіна &abstract = Чытаць верш Каруся Каганца "Плач беларуса" &iftrue = nan ~~ ====== Карусь Каганец — Плач беларуса ====== Ой, краіна мая бедна,\\ Ворагамі скута,\\ Пі сво гора ўжо да дна!\\ Ды слаба атрута...\\ I здаецца, ужо мёртва,\\ Паны так казалі, –\\ Ўсё цямнота да галотва,\\ Усе так прызналі.\\ Бо мы носім світу шэру,\\ Нікога не крыўдзім,\\ Мы працуем бо праз меру,\\ Ды шчасця не відзім,\\ Адно панству адрабляем\\ За патрэбы нашы,\\ А ўсё неяк патрапляем\\ Паном у закарвашы.\\ Бо мы бедны, мы галодны,\\ Не умеем круціці,\\ I не знае люд наш бедны,\\ Як ў раскошы жыці.\\ Хворсаў панскіх мы не знаем,\\ Бо ўжо нам магіла;\\ I мы самі ўжо не сцямім,\\ Чым Беларусь была:\\ Што багата колісь была,\\ Між народаў слаўна,\\ Што навукай колісь слыла,\\ Вайной была спраўна.\\ I хоць рэчкі нашы плывуць,\\ Шумяць ачарэты,\\ I хоць людзі нашы жывуць,\\ Цемнатой адзеты.\\ Хоць, як мёртва, та краіна\\ Дрэмле у папелі\\ I пад бічам цемравіны\\ Усе занямелі.\\ Пакапаўся б ў тым папелі, –\\ Іскарка б бліснула;\\ А каб ветры наляцелі,\\ Полымя б шыбнула.\\ I зацвіла б паша ніва\\ Краснымі квятамі...\\ I Беларусь та журліва,\\ Што нікне з лятамі,\\ Ўзварухнецца, ўстрапянецца,\\ Узвядзе плячыма,\\ Ў нову шату апранецца\\ I празрыць вачыма.\\ \\ 11. VIII. 1904 г.\\ \\ Крыніца: Каганец К. Творы / [Уклад., прадм. і камент. С. Александровіча]. – Мн.: Маст. літ., 1979. – 264 с. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/карусь-каганец/карусь-каганец-парада]] * [[творы/карусь-каганец/карусь-каганец-скрыпач-і-ваўкі]] * [[творы/карусь-каганец/карусь-каганец-модны-шляхцюк]] * [[творы/карусь-каганец/карусь-каганец-прылукі]] * [[творы/карусь-каганец/карусь-каганец-старажовы-курган]]