~~META: title = Кандрат Крапіва. Хто смяецца апошнім. Аналіз твора &keywords = Кандрат, Крапіва, смяецца, апошнім &abstract = Аналіз камедыі Кандрата Крапівы "Хто смяецца апошнім" &iftrue = nan ~~ ====== Кандрат Крапіва. Хто смяецца апошнім. Аналіз твора ====== Народны гумар, іронія, самаіронія, добразычлівае пакепліванне, уедлівы [[слоўнік/сарказм|сарказм]] - гэтыя формы мастацкага смеху складаюць нацыянальную адметнасць беларускай літаратуры, падмурак традыцыі, якой жывіцца сучасная камедыяграфія. Яны тлумачаць сакрэт жывучасці, працяглай актуальнасці камедыйных твораў, нібыта ўшчыльную прывязаных да свайго часу. У першую чаргу гэта датычыцца [[постаці/кандрат-крапіва|Кандрата Крапівы]], байкапісца і камедыёграфа, чые творы, напісаныя ў 1920 - 1930 гады, не губляюць сваёй актуальнасці і сёння. Яго байкі "[[творы/кандрат-крапіва/кандрат-крапіва-мандат|Мандат]]", "Дэкрэт", [[творы/кандрат-крапіва/кандрат-крапіва-махальнік-іваноў|"Махальнік Іваноў"]], "Саромлівы", "[[творы/кандрат-крапіва/кандрат-крапіва-ганарысты-парсюк|Ганарысты парсюк]]", "[[творы/кандрат-крапіва/кандрат-крапіва-казёл|Казёл]]", "Язычок" захавалі вастрыню, бляск, іскрамётны гумар.\\ Гэтыя рысы уласцівая і лепшым сатырычным камедыям Кандрата Крапівы. Крытыкі вызначаюць гэтую якасць як дальнабойнасць сатыры. Ёю ў значнай ступені надзелена самая слынная п'еса Кандрата Крапівы "Хто смяецца апошнім".\\ Лёс гэтага твора незвычайны. П'еса напісана ў самыя змрочныя ў гісторыі Савецкай Беларусі часы - разгул сталінскіх рэпрэсій, пошук "ворагаў народа" і расправа з імі. "Ворагі" знаходзіліся ўсюды, у тым ліку і ў асяроддзі пісьменнікаў, навукоўцаў. Не выпадкова ў 1930 гады была практычна вынішчана не толькі творчая, гуманітарная, але і тэхнічная інтэлігенцыя Беларусі, прычым асабліва пацярпелі навуковыя галіны: генетыка і геалогія.\\ Усюды "ворагі"... Вораг Гарлахвацкі, чалавек з цьмяным мінулым, невук і шарлатан, атабарыўся ў інстытуце геалогіі і спакваля распачаў там падрыўную дзейнасць. У выніку абшальмаваны сумленны Чарнавус, смяротна запалоханы Туляга. Але махляр выкрыты, і апошнімі смяюцца яго ахвяры.\\ Час зняў з гэтага твора налёт палітычнай кан'юнктуры. Глядач з задавальненнем назірае крах "свінтуса грандыёзуса", са смехам выслухоўвае славутую прамову Гарлахвацкага. Туляга, якога раней папракалі за нясмеласць і беспрынцыповасць, сёння апраўданы. Супраціў Тулягі - гэта пратэст супраць нахабства, здзеку. Слабы і нерашучы герой перамагае агрэсіўнага, нахрапістага Гарлахвацкага.\\ Крытыкі-сацыёлагі сцвярджаюць, і не без падставы, што Кандрат Крапіва спрабаваў у завуаліраванай форме выступіць супраць неабгрунтаваных рэпрэсій, а яго Гарлахвацкі - узор тых злавесных паслугачоў рэжыму, з-за якіх сталі магчымымі масавыя рэпрэсіі.\\ Ці меў Кандрат Крапіва нейкую далёкую "стратэгічную" задуму, калі пісаў гэты твор? Ці прадбачыў святло напрыканцы тунэля -той, апошні смех, калі постсавецкае грамадства будзе развітвацца са змрочным таталітарным мінулым?\\ Хутчэй за ўсё, тут адыграла сваю ролю інтуіцыя мастака. Яна накіроўвала драматурга на стварэнне шматзначных вобразаў, прымушала рабіць у п'есе нейкае патаемнае дно, разлічваць на варыянтнасць прачытання твора. ===== Падобныя старонкі ===== * [[постаці/кандрат-крапіва]] * [[творы/кандрат-крапіва/кандрат-крапіва-махальнік-іваноў]] * [[творы/кандрат-крапіва/ідэйная-накіраванасць-камедыі-кандрата-к]] * [[творы/кандрат-крапіва/кандрат-крапіва-байкапісец-ідэйная-накір]] * [[творы/кандрат-крапіва/кандрат-крапіва-хто-смяецца-апошнім-гдз]]