Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:кандрат-крапіва:кандрат-крапіва-стары-і-малады

Гэта старая версія дакумента!


Кандрат Крапіва — Стары і малады

Не так даўно ў гаспадара
Жарэбчык быў і Конь Стары.
Яны задраліся нек раз,
I вось з тае пары
Пайшлі між коней нелады.
Аднойчы ў плузе на раллі
Жывёлы спрэчку завялі.
Гарачы, порсткі Малады
Тут не на жарт
Напаў на сталага Каня:
– Куды ты, падла, варт!
Калі паўзеш, дык парахня
Вунь пасыпае сцежку ўслед,
I толькі ты паскудзіш свет,
Глядзіць у землю морда кісла
I губа ніжняя адвісла.
На чорта ўжо цябе й трымаць!
Даўно пара да каналупа,
Бо сорам весці на кірмаш…
Ад слоў такіх Стары стаў слупам:
– Ах ты, шчаня!
Так бэсціць сталага Каня!
Ты не глядзі, што я стары,
Што быццам сыплецца з мяне
На капыты,
Але ж да гэтай вось пары
Ні разу ў баране
Не стаў, як ты.
Разумны ты ды малайчына
Да той пары, пакуль ляйчына
Не пападзе табе пад хвост,
Ну, а тады – панёс
Ці з плугам будзеш ты, ці з возам, –
I дзе твой дзенецца ўвесь розум!
Няхай, па-твойму, я слабы,
А хто ж цябе вось прыдабыў?
Хто дастаўляў табе авёс
I сена, на якім ты рос?
Ты здольны толькі да яды,
А ў працы гэтых маладых
Я так прыцісну, што аж сок…
– Пакуль з нас сок, дык з вас пясок…

Вось так за словам слова,
Нарэшце мала ім і звадкі –
Ужо намерваюць азадкі.
I… выйшла б дзела ў іх канёва,
Каб не Араты йшоў за плугам.
– Но-но! А то вось я зраблю падлік заслугам. –
Пачаў ён іх мірыць. –
Сябры па працы вы, а проста як звяры.
Той ганарыцца, што стары,
А той – што малады.
Ды хіба ж для працоўных розніца – гады?
Паверце, што найбольшая з заслуг –
Цягнуць цяпер у згодзе гэты плуг.

1926

Падобныя старонкі

  • кандрат-крапіва/ідэйная-накіраванасць-камедыі-кандрата-к
  • кандрат-крапіва/кандрат-крапіва-байкапісец-ідэйная-накір
  • кандрат-крапіва/кандрат-крапіва-хто-смяецца-апошнім-анал
  • кандрат-крапіва
  • кандрат-крапіва/кандрат-крапіва-махальнік-іваноў
творы/кандрат-крапіва/кандрат-крапіва-стары-і-малады.1755861098.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/22 11:11 — 127.0.0.1

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki