~~META: title = Кандрат Крапіва — Стары і малады &keywords = каня, стары &abstract = Чытаць байку Кандрата Крапівы "Стары і малады" &iftrue = nan ~~ ====== Кандрат Крапіва — Стары і малады ====== Не так даўно ў гаспадара\\ Жарэбчык быў і Конь Стары.\\ Яны задраліся нек раз,\\ I вось з тае пары\\ Пайшлі між коней нелады.\\ Аднойчы ў плузе на раллі\\ Жывёлы спрэчку завялі.\\ Гарачы, порсткі Малады\\ Тут не на жарт\\ Напаў на сталага Каня:\\ – Куды ты, падла, варт!\\ Калі паўзеш, дык парахня\\ Вунь пасыпае сцежку ўслед,\\ I толькі ты паскудзіш свет,\\ Глядзіць у землю морда кісла\\ I губа ніжняя адвісла.\\ На чорта ўжо цябе й трымаць!\\ Даўно пара да каналупа,\\ Бо сорам весці на кірмаш...\\ Ад слоў такіх Стары стаў слупам:\\ – Ах ты, шчаня!\\ Так бэсціць сталага Каня!\\ Ты не глядзі, што я стары,\\ Што быццам сыплецца з мяне\\ На капыты,\\ Але ж да гэтай вось пары\\ Ні разу ў баране\\ Не стаў, як ты.\\ Разумны ты ды малайчына\\ Да той пары, пакуль ляйчына\\ Не пападзе табе пад хвост,\\ Ну, а тады – панёс\\ Ці з плугам будзеш ты, ці з возам, –\\ I дзе твой дзенецца ўвесь розум!\\ Няхай, па-твойму, я слабы,\\ А хто ж цябе вось прыдабыў?\\ Хто дастаўляў табе авёс\\ I сена, на якім ты рос?\\ Ты здольны толькі да яды,\\ А ў працы гэтых маладых\\ Я так прыцісну, што аж сок...\\ – Пакуль з нас сок, дык з вас пясок...\\ \\ Вось так за словам слова,\\ Нарэшце мала ім і звадкі –\\ Ужо намерваюць азадкі.\\ I... выйшла б дзела ў іх канёва,\\ Каб не Араты йшоў за плугам.\\ – Но-но! А то вось я зраблю падлік заслугам. –\\ Пачаў ён іх мірыць. –\\ Сябры па працы вы, а проста як звяры.\\ Той ганарыцца, што стары,\\ А той – што малады.\\ Ды хіба ж для працоўных розніца – гады?\\ Паверце, што найбольшая з заслуг –\\ Цягнуць цяпер у згодзе гэты плуг.\\ \\ 1926 ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/кандрат-крапіва/ідэйная-накіраванасць-камедыі-кандрата-к]] * [[творы/кандрат-крапіва/кандрат-крапіва-байкапісец-ідэйная-накір]] * [[творы/кандрат-крапіва/кандрат-крапіва-хто-смяецца-апошнім-анал]] * [[постаці/кандрат-крапіва]] * [[творы/кандрат-крапіва/кандрат-крапіва-махальнік-іваноў]]