~~META: title = Кандрат Крапіва — Саманадзейны конь &keywords = хамут, конь, пудоў, каня, асілак, просіць, каню, вялікі, селянін &abstract = Чытаць байку Кандрата Крапівы "Саманадзейны конь" &iftrue = nan ~~ ====== Кандрат Крапіва — Саманадзейны конь ====== //Вялікаму каню – вялікі хамут.\\ Народная прыказка// \\ Меў нейкі Селянін мізэрнага Каня –\\ З сабаку, можа, так, мо, з добрае шчаня.\\ Малому веліччу быць хочацца заўсёды, –\\ У мацеры-прыроды\\ Такі спрадвеку ўжо закон.\\ Так вось і гэты Конь...\\ Яно не ганьба хоць – сабе дабра жадаць,\\ Але ў Каня ўжо, як відаць,\\ Жаданне ў манію вялічча перайшло.\\ I стаў ён скардзіцца на ўсё сяло:\\ I «і-га-га!» і «і-го-го!» –\\ Хамут нібы не да яго.\\ – Я сам, – іржэ, – такі каніска,\\ А вось хамут дык жарабячы блізка –\\ Не засупоніўшы і то ён нават цесны:\\ Ні ўлезці мне ў яго, ні вылезці – хоць трэсні!\\ У горад Селянін прыехаў на кірмаш.\\ I вось убачыў тут асілак наш,\\ Што грузныя ламавікі\\ Пудоў па сто вязуць мукі.\\ – Ну вось цяпер ці бачыш ты, –\\ Пытае ён Гаспадара, –\\ Якія ў коней хамуты?\\ Табе б купіць даўно пара\\ Хоць трошкі большы для мяне,\\ I я б за іх цягнуў тады ўдвайне:\\ Не сто пудоў, а цэлых дзвесце.\\ Тут, каб Каню свайму давесці,\\ Што гэта глупства і мана,\\ Каб выгнаць, зноў жа, наравы\\ З дурной канёвай галавы,\\ Той гаспадар і просіць фурмана,\\ Каб ён у воз вялікі свой запрог яго каняку.\\ Фурман гатоў за пэўную падзяку, –\\ Асілак наш ужо ў вялікім хамуце.\\ Ахвоты той хамут хоць шмат яму паддаў,\\ Але тут здарыўся скандал:\\ Пралезлі праз хамут канёвы персі й ногі,\\ I затрымаўся ён аж ледзь на жываце.\\ А тут яшчэ пракляты воз\\ I з месца не скрануць – як да зямлі прырос.\\ I просіць у бядзе наш дурань дапамогі.\\ З тае пары другога хамута\\ Не патрабуе Конь ніколі:\\ Свайго яму якраз даволі,\\ Хамут стаў – проста любата.\\ \\ Мне часта крыкуны мільгаюць у вачах –\\ Да славы прагныя, ды вузкія ў плячах.\\ \\ 1927 ===== Падобныя старонкі ===== * [[постаці/кандрат-крапіва]] * [[творы/кандрат-крапіва/кандрат-крапіва-хто-смяецца-апошнім-анал]] * [[творы/кандрат-крапіва/ідэйная-накіраванасць-камедыі-кандрата-к]] * [[творы/кандрат-крапіва/кандрат-крапіва-байкапісец-ідэйная-накір]] * [[творы/кандрат-крапіва/кандрат-крапіва-махальнік-іваноў]]