~~META: title = Кандрат Крапіва — Мурашка і Жук &keywords = мурашка, слава, гарбе, працы, жуком, жыць &abstract = Чытаць байку Кандрата Крапівы "Мурашка і Жук" &iftrue = nan ~~ ====== Кандрат Крапіва — Мурашка і Жук ====== Раз летнім днём цераз дарогу\\ Мурашка пруцік валакла\\ Ды прыпынілася была,\\ Чакаючы сяброўку на падмогу. I гэтым часам Пачуўся нейкі гук,\\ Як бы спяваў хто басам,\\ А з гукам сеў паблізу Жук.\\ Глядзіць Мурашка палахліва: Што за дзіва! Такі бліскучы ягамосць –\\ Наставіў вусы ці то рогі,\\ Ідзе паважна ўдоўж дарогі,\\ Пагардліва наўкола пазірае,\\ Адзенне тое лакам ззяе – Ці не замежны госць? – Ну што, малеча, цяжка\\ – Цягнуць такое на гарбе? –\\ – Прамовіў Жук, заўважыўшы Мурашку.\\ – А мы працуем на сябе.\\ – Ды чуў... Пра гэта ўсюды трубяць.\\ – Павага, слава, чэсць!\\ – Хто не працуе, той не есць.\\ – Давай, давай! Работа дурняў любіць.\\ – Без працы хіба можна жыць?\\ – Працуй. А мне на ліха праца?\\ – I без яе як мае быць\\ Магу я смачна есці, піць,\\ Па модзе апранацца,\\ А слава... Што мне слава! – Ці-ка-ва. – Калі цікава, дык хадзем, Я пакажу ахвотна, Дзе я жыву і што я ем,\\ Якім я водарам дышу,\\ Як час праводжу бесклапотна\\ I на гарбе цяжару не нашу.\\ I ты жыццё мо перайначыш, Як гэта ўсё пабачыш.\\ Да мэты прасцяком Паўзе Мурашка за Жуком:\\ Хоць вокам глянуць на той рай – На Жукавы палацы. Мо праўда ёсць на свеце край,\\ Дзе можна жыць без працы.\\ Жук важна крочыць перадом, За ім Мурашка сціпла. Жук ганарліва: – Вось мой дом! I тут... Мурашка ўліпла, \\ Такі ж не мелюць языком,\\ А праўду кажуць людзі:\\ Як папаўзеш ты за Жуком,\\ Дык апынешся ў брудзе. \\ 1964 ===== Падобныя старонкі ===== * [[ibdc.ped>мурашкі]] * [[постаці/кандрат-крапіва]] * [[творы/кандрат-крапіва/ідэйная-накіраванасць-камедыі-кандрата-к]] * [[творы/кандрат-крапіва/кандрат-крапіва-хто-смяецца-апошнім-анал]] * [[творы/кандрат-крапіва/кандрат-крапіва-махальнік-іваноў]]