Гэта старая версія дакумента!
Кандрат Крапіва — Мой сусед
Сатырычнае апавяданне «Мой сусед» з'яўляецца класічным творам, скіраваным супраць прыстасаванства. Яно было напісана ў 1927 годзе і пэўным чынам перагукваецца з п'есай Еўсцігнея Міровіча «Кар'ера таварыша Брызгаліна» (1925) і з "Тутэйшымі" (1922) Янкі Купалы. У сваім творы Кандрат Крапіва малюе вобраз чалавека-флюгера, які нават прозвішча змяняе ў залежнасці ад палітычнай кан'юнктуры: Лукавіцын-Цыбульскі-Цыбулевіч. Таксама, як і купалаўскі Мікіта Зносак, які пры польскай уладзе ператвараецца ў Знасілоўскага, а калі прыходзяць рускія — у Зносілава. І ўсё ж Крапіва не наследаваў Купалу, а па-свойму паспрабаваў адлюстраваць адну з характерных рыс беларускага менталітэту: здольнасць прыстасоўвацца да любых абставін, нізкі ўзровень нацыянальнай самасвядомасці і адпаведна нацыянальнага патрыятызму ў пэўнай часткі беларускага насельніцтва.
Герой апавядання — настаўнік гарадской гімназіі Міхаіл Іванавіч Лукавіцын — на працы вызначаецца асаблівай стараннасцю і строгасцю. Аднаго вучня, напрыклад, ён «пяць разоў выклікаў на зіме, дамагаючыся, каб той сказаў «рюмка». Вучань кожны раз гаварыў «румка» і садзіўся з «едзеніцаю». Клопаты Лукавіцына аб чыстаце вымаўлення «рюмкі» скончыліся тым, што вучань у канцы года меў «круглую едзеніцу» і канчаткова «сеў» на другі год, а настаўнік быў задаволены, што выканаў свой абавязак». Аднак гэтая «стараннасць» не прынесла Лукавіцыну жаданага паляпшэння кар'еры. Пачынаецца рэвалюцыя, а потым белапольская акупацыя, і Лукавіцын, як і Мікіта Зносак, спрабуе тэрмінова перабудавацца і прыстасавацца да новых умоў. Падкрэсліваючы сваю лаяльнасць да польскай улады, ён вешае на сваіх дзвярах таблічку «Міхал Цыбульскі — шчыры паляк», а праз нейкі час, калі пачынаецца перыяд беларусізацыі, ён робіцца Міхасём Цыбулевічам — самым зацятым і шчырым беларусам.
Вобраз Лукавіцына-Цыбульскага-Цыбулевіча абмаляваны ў апавяданні сатырычнымі фарбамі. Разам з тым тут заўважна ўменне пісьменніка вылучаць найбольш тыповыя дэталі, падкрэсліваць адметныя рысы характару, што робіць гэты персанаж асабліва каларытным і запамінальным. Вялікую ролю ў гэтым адыгрывае і асаблівае крапівоўскае адчуванне мовы, здольнасць бліскуча выкарыстоўваць скарбы народнай лексікі.
Падобныя старонкі
- алесь-бадак/алесь-бадак-сусед
- кандрат-крапіва/ідэйная-накіраванасць-камедыі-кандрата-к
- кандрат-крапіва/кандрат-крапіва-хто-смяецца-апошнім-анал
- кандрат-крапіва
- кандрат-крапіва/кандрат-крапіва-махальнік-іваноў